Наталля Радзіна: «Гёбэльсы Лукашэнкі прайгралі вайну»


Пра прычыны адстаўкі кіраўніцтва БТ, СТВ і «Советской Белорусии» ў студыі «Белсату» разважае галоўная рэдактарка «Хартыі’97» Наталля Радзіна.

Паводле звестак Наталлі Радзінай, Лукашэнку паклалі на стол аналітычную нататку з параўнаннем бюджэтаў і аўдыторыі «Хартыі’97» і дзяржаўных медыяў.

«Таварыш дыктатар прыйшоў у лютасць», – напісала яна ў «Фэйсбуку». На думку Наталлі Радзінай, гэтыя адстаўкі – не апошнія.

«Беларусы зусім перасталі верыць прапагандзе», – кажа яна.

Па словах Радзінай, Лукашэнка спісаў «в утиль» старых прапагандыстаў, бо зразумеў, што «яны не ў стане зрабіць нічога».

«Лукашэнка звольніў сваіх Гёбэльсаў, бо яны прайгралі інфармацыйную вайну», – лічыць Радзіна.

Радзіна заяўляе, што звольненыя Якубовіч, Давыдзька і Казіятка – злачынцы.

«У нармальнай цывілізаванай краіне іх трэба судзіць, бо яны хлусілі ўсёй краіне цягам двух дзесяцігоддзяў. Яны дапамагалі фальсіфікаваць крымінальныя справы супраць апазіцыі. Гэтыя людзі пакрывалі палітычныя забойствы», – кажа Радзіна.

«Калі я пабачыла, што многія мае калегі з незалежных медыяў кінуліся браць у іх інтэрв’ю і фактычна іх ачалавечваць, задаваць ім лаяльныя пытанні… – гэта страшна. У мяне, рэдактара найбуйнейшага незалежнага сайту, які заблакавалі ў краіне, не бралі такіх вялікіх, разгорнутых, выдатных інтэрв’ю. Гэта страшна», – дадала Радзіна.

Па словах госці студыі, у дзяржаўных медыяў няма ніякіх шанцаў у параўнанні з незалежнымі: цяпер чытачы яе сайту вучацца абыходзіць блакаванне сайту «Хартыі’97»

«Камп’ютарная пісьменнасць насельніцтва Беларусі падвышаецца на вачох», – заяўляе нашая суразмоўца.

«Пакуль дзяржаўныя медыі хлусяць, у іх няма ніякага патэнцыялу. Але пры дыктатуры яны могуць толькі хлусіць», – сцвярджае Радзіна.

Поўную размову глядзіце ў «Гарачым каментары»