Настаўніца: з народу выкачваюць сокі


Афіцыйная статыстыка сцвярджае, што толькі 14 % дзяцей у Менску – абсалютна здаровыя. Калі прыгледзецца да каментароў у інтэрнэце, то бачна, што людзі не вераць у гэтыя лічбы. Кажуць, што, магчыма, штосьці пайшло не так і недасказанае. У «Гарачым каментары» – настаўніца Вольга Маёрава.

На ейную думку, прычыны слабага здароўя дзяцей ляжаць у школьнай практыцы і звязаныя з жыццём грамадства:

«Калі мы кажам пра школу – у нас вельмі напружаныя, вельмі шчыльныя навучальныя праграмы, якія ўвесь час перакручваюцца. Дзеці праз гэта церпяць. Па-другое, школьнікаў вучаць запамінаць. Уся методыка школьная пераважна будуецца на запамінанні, а не на дыскусіі, не на працы ў камандзе. Гэта прадугледжвае сядзячы вобраз жыцця, па-другое, няўменне сацыялізавацца. У выніку ўзнікаюць праблемы і ў фізічным здароўі, і ў ментальным».

Вольга Маёрава кажа, што ў сістэме адукацыі неабходныя «радыкальныя» рэформы.

У сваю чаргу чыноўнікі адзначаюць, што беларускія дзеці пакутуюць на лішнюю вагу, аслаблены зрок, хваробы органаў дыхання, атручванні і г.д.

Дык што ж робіць дзяцей хворымі? Вольга Маёрава пералічвае прычыны:

«Першае – гаджэты, якія ўвайшлі ў жыццё дзяцей. Дзеці сядзяць у школе, пасля яны вяртаюцца са школы і зноў сядзяць з гаджэтамі. Няма ні сацыялізацыі, ні руху. Вялізныя хатнія заданні. Асабліва, калі ў дзяцёнка сярэднія здольнасці і крыху ніжэй, ён вымушаны працаваць з рэпетытарамі. Як настаўніца пачатковых класаў скажу, што «слабы» дзяцёнак у содні мусіць сядзець не менш за 10 гадзінаў, каб паспяваць проста засвойваць праграму. У нас дастаткова нізкі ўзровень жыцця, асабліва ў рэгіёнах. Людзі ашчаджаюць на харчаванні. У нас усё арыентавана на дзяцей – дзецям заўжды аддаецца лепшы кавалак. Але вось гэты сам кавалак, які аддаецца, становіцца вельмі малым. Эканомяць на фруктах, морапрадуктах, і дзеці не атрымліваюць паўнавартаснага харчавання. Адсюль адбываецца атлусценне і, натуральна, гэта адбіваецца на агульным развіцці. Плюс – вельмі высокая алкагалізацыя насельніцтва. У нас вельмі вялікі працэнт бацькоў аддасць перавагу таму, каб набыць бутэльку, а не нейкія карысныя прадукты для дзяцёнка. Гэта вялізны комплекс сацыяльных праблемаў, якія грамадства павіннае вырашыць. І патрабаваць толькі ад школы, каб яна нейкім цудоўным чынам ці ўказам падняла здароўе дзяцей – не атрымаецца. Трэба мяняць усю сістэму».

На пытанне, як акрэсліць сітуацыю, якая склалася, настаўніца заўважае:

«Гэта называецца абыякавасць, некаторыя выкарыстоўваюць слова «генацыд». Я б назвала гэта «злачыннай абыякавасцю», выкачваннем жыццёвых сокаў з народу».

НМ, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Vasily Fedosenko/Forum