Настаўніца: «З літаратурай у нас усё добра – мы проста яе не ведаем»


У Беларусі дзейнічае Міністэрства адукацыі – толькі, падаецца, не беларускай, а расейскай. Прынамсі гэта вынікае з фактаў, выкладзеных у лісце настаўніцы расейскай мовы і літаратуры Ганны Севярынец да чыноўнікаў.

«Як грамадзянка сваёй краіны, як чалавек, які выхоўвае тут дзяцей і плануе працаваць да скону, я не разумею, як такое можа быць – таму даводзіцца пісаць лісты з такімі запытамі», – пракаментавала свой крок настаўніца ў жывым эфіры каналу.

Педагог б’е ў набат: з падручнікаў знікаюць найбольш бліскучыя творы айчынных пісьменнікаў, якімі мае ганарыцца кожны беларус. Замест іх дзецям падсоўваюцца творы нізкаякасныя, другасныя і неактуальныя. У той самы час расейскую літаратуру шкаляры вывучаюць на вельмі высокім узроўні.

Ганна Севярынец упэўненая, што гэткая сітуацыя павінная быць агульнанацыянальным клопатам, а не справай асобных настаўнікаў.

«У іншых краінах гэта разумеюць добра, там сваю літаратуру развіваюць найперш, пра яе клапоцяцца: літаратура – гэта першае, што стварае народ і нацыю. Гэта дзіўна гучыць у наш прагматычны час, але гэта так».

Настаўніца ўпэўненая, што беларуская літаратура, можа, і маладзейшая за расейскую – але не горшая за яе.

«Нам ёсць, што даць дзецям», – сцвярджае Ганна Севярынец.

«Мы спадчыннікі цікавай, прыгожай, багатай і разнастайнай літаратуры. І калі мы гэтага не разумеем – гэта толькі пытанне няведання, а не праблема нашае літаратуры», – дадае спадарыня Севярынец.

Поўную размову Валера Руселіка з Ганнай Севярынец глядзіце ў «Гарачым каментары»