Мова Нанова Настаўніца са Смалявічаў адкрывае сталінскія пратаколы


Ганна Севярынец – госця чарговага выдання праграмы Глеба Лабадзенкі ды Алесі Літвіноўскай «Мова Нанова». Настаўніца – вядомая блогерка, а таксама пісьменніца і даследчыца, якая вывучае літаратуру міжваеннага перыяду. Пра што будзе яе новая кніга, якія каштоўнасці захаваў архіў Пятра Глебкі, а таксама чым мова 1920-х гадоў адрознівалася ад сучаснай, спадарыня Ганна распавядае ў праграме.

1920-ыя гады былі спрыяльным перыядам для развіцця беларускай літаратуры. Выдавацца беларускім паэтам і пісьменнікам, у адрозненні ад сучасных, было ў тыя часы даволі лёгка: прыкладам, літаратурна-мастацкі часопіс «Маладняк» меў сваё ўласнае выдавецтва, яго фінансавала дзяржава. А калі пісьменнік Уладзімір Дубоўка распрацаваў новы алфавіт з адмысловымі беларускімі знакамі для -дж- і -дз-, грошы на адліўку форм вылучыў сам кіраўнік БССР, Мікалай Галадзед.

Госця праграмы захапляецца мовай міжваеннага перыяду, якая была натуральнай, прынесенай з жывога жыцця, не вывучанай па кніжках, не адноўленай у падручніках.

«Гэта была літаратура, якую будавалі менавіта тыя людзі, для якіх гэта было сапраўднаю справай жыцця – несці сваю мову, тое, што яны атрымалі з маленства», – дзеліцца Ганна Севярынец.

«Чорны чалавек Уладзіміра Дубоўкі» – містычны дэтэктыў

Чалавек, які бегаў пад дажджом, але застаўся сухім

Новая кніга, над якой працуе спадарыня Ганна – «Вакол Пятра Глебкі» – вырасла з архіву знакамітага пісьменніка. Паводле аўтаркі, архіў Глебкі ўнікальны тым, што самога пісьменніка ніводнага разу не арыштавалі, не кажучы пра тое, каб ён пацярпеў ці паехаў у высылку.

«Ён быў чалавекам, які бегаў паміж струменьчыкамі дажджу, але застаўся сухім», – распавядае спадарыня Ганна.

Дзякуючы гэтаму ў архіве Пятра Фёдаравіча захаваўся вялікі эпісталярый рэпрэсаваных пісьменнікаў. У той час, як, напрыклад, усе паперы арыштаваных Тодара Кляшторнага ці Юлія Таўбіна былі знішчаныя.

Паказанні абвінавачаных – моўны скарб

Пасля кароткага перыяду беларусізацыі пад канец 1920-ых гадоў – на пачатку 1930-ых пачаліся сталінскія антыбеларускія рэпрэсіі. Даследчыца адзначае, што каштоўнымі крыніцамі для вывучэння мовы гэтага перыяду з’яўляюцца паказанні абвінавачаных, якія напачатку яны пісалі ўласнаруч.

«Шмат у якіх паказаннях ідзе жывая гутарка, неафіцыйная, калі яны горача і адчайна даводзілі ці то сваю невінаватасць, ці правату. Гэта моўны скарб», – захапляецца госця праграмы.

Пра што пісалі ў сваіх паказаннях рэпрэсаваныя пісьменнікі? Якія словы яны ўжывалі? Каму з беларускіх пісьменнікаў 1920-х гадоў належалі мянушкі «Хлопец з мухамі ў носе», «Геракліт цьмяны» і «Нонік»? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні глядзіце ў праграме (відэа вышэй).

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius4»),онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Фота з архіву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары