Настаўнікі вельмі залежныя ад кіраўніцтва, іх прымушаюць удзельнічаць у ілжэ-выбарах


Улады зноўку загаварылі пра заробкі для бюджэтнікаў, аднак прынамсі пакуль што абяцаюць не «папяццот», а ўсяго толькі змены ў парадку налічэння заробку.

Аляксандр Турчын, першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі:

«Гэты нарматыўна-прававы акт, скіраваны на нармальную, зразумелую сістэму аплаты працы, каб стабільная частка акладу была на ўзроўні 50–60 %, астатняе – надбаўкі для стымулу. Мы моцна зніжаем адзіную тарыфную сетку. Безумоўна, самае галоўнае – гэта ні ў якай ступені не мусіць пагоршыць заработнай платы працаўнікам. Мы мяркуем, што гэта хоць трохі, але павысіць яе. Але адназначнае патрабаванне прэзідэнта – ніякага пагаршэння».

Вольга Маёрава, былая настаўніца:

«Я вам як настаўніца скажу, што гэта вельмі дрэнная рэч. Настаўнік проста не мае магчымасці працаваць над сабой, падвышаць кваліфікацыю. У нас няма такой практыкі, калі настаўнік некалькі гадоў працуе, а пасля год адпачывае. Гэта вельмі дрэнна для самога настаўніка і для вучняў. У плюс да ўсяго, калі гаварыць пра нізкія заробкі, ёсць вельмі важны момант. Гэта прымушае людзей быць вельмі залежнымі ад кіраўніцтва, таму што большая частка грошаў, якую настаўнік атрымлівае «на рукі» – гэта прэміі, якія рэгулююцца начальнікамі. Калі ўзяць самыя стаўкі, нават калі іх некалькі, складаюць менш за палову ад атрыманых грошай. Менавіта таму настаўнікаў часта абвінавачваюць у тым, што яны ўдзельнічаюць у ілжэ-выбарах. Гэтая прыватная на першы поглад сітуацыя адлюстроўваецца на жыцці ўсёй краіны».

Станіслаў Івашкевіч, журналіст, аўтар праграмы «Давайце разбірацца»:

«Асноўная праблема ў тым, што ў бюджэце не хапае грошай, таму што змяншаецца падатковая база. Простымі словамі, прыбыткі прадпрыемстваў у гэтым годзе ў параўнанні з папярэднім знізіліся на траціну. Знізіліся і падаткі, якія яны плацяць у бюджэт. […] Няма чым гасіць дзіркі ў бюджэце. На гэтым фоне Лукашэнка ў жніўні загадаў павялічыць даходы бюджэтнікам. І ў гэты ж час пачаў расці дзяржаўны доўг. […] Тое, што ідзе цяпер – гэта дырэктыва «павялічце заробкі як хочаце».

Фота: Vladimir Smirnov / TASS / FORUM