Наста Шпакоўская cышла з тэатру, каб не граць для лукашыстаў

«Мова нанова» паспела пагутарыць пра беларускую мову і фізічна-эмацыйнае вызваленне з акторкаю і спявачкаю Настаю Шпакоўскаю. Пасля здымак яна была вымушаная пакінуць Беларусь, баючыся за бяспеку сям’і.

Наста Шпакоўская 20 гадоў прапрацавала ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Яна таксама ачольвае гурт «Naka». Наста заўсёды актыўна праяўляла сваю грамадзянскую пазіцыю. Таму не дзіўна, што яна адмовілася падчас пратэстаў забаўляць гледачоў, а тым больш – браць удзел у праўладных імпрэзах.

Цяпер Наста ў Кіеве – яна мусіла ратавацца ад пераследу беларускіх уладаў. На новым месцы яна стварае першую беларускую онлайн-школу ва Украіне. Падрабязней пра ад’езд з Беларусі можна прачытаць у асобным інтэрвʼю.

«Не ведаю, як пасля перамогі мы будзем жыць з гэтымі людзьмі». Гутарка з Настай Шпакоўскай

Наста распавяла пра свае дачыненні з беларускаю моваю і пра курсы фізічна-эмацыйнага вызвалення, якія яна вядзе.

Наста не адразу прыйшла да беларускае мовы. Першыя песні гурту «Naka» выконваліся па-расейску. Усё змянілася, калі Наста захацела спяваць пра Чарнобыль. Тады яна адчула патрэбу зрабіць гэта на беларускай мове. Пазней паўстаў цэлы беларускамоўны альбом «Мая малітва» (2016). Наста добра разумее складанасці пераходу на беларускую мову, але не баіцца іх.

«Я няўпэўненая, што гэта атрымаецца зрабіць неяк фарсавана, – лічыць Наста. – Усе свядомыя людзі шмат чаго робяць, каб нашае роднае слова жыло, жыло далей і каб яно было «ў трэндзе», каб яно было актуальным сёння. Але мы разумеем, што мы ўсё роўна выйшлі з Савецкага Саюзу, шмат людзей з расейскамоўных семʼяў і думкі з дзяцінства ў нас былі па-расейску. Я разумею толькі адно: нам не трэба спыняцца, нам трэба размаўляць, трэба несці нашую мову і паказваць, якая яна прыгожая, мілагучная і запатрабаваная».

Вы даведаецеся пра ўлюбёныя беларускія словы Насты, найбольшую перашкоду ў вывучэнні беларускае мовы, а таксама пачуеце некалькі песень у ейным выкананні.

У граматычнай частцы «Мова нанова» высветліла, дзе беларусы трымаюць каўбасу мартадэлу – у халадзільніку ці ў лядоўні? А таксама патлумачыла, якія з формаў назоўнікаў множнага ліку правільныя: «моры» ці «мара», «лосі» ці «ласі».

Вядоўцы праграмы – Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Хто сышоў і хто застаўся ў Купалаўскім тэатры? Размова з Зояй Белахвосцік

Ніна Багінская разбурае «муры» ці «сцены»?

Спяваем, бо няма моцы маўчаць, або Беларускі культурніцкі пратэст

Хто такія «бацька», «тата», «айцец» і «папа» ды ці бывае «Бацька Рымскі»?

Каб было, як у Нямеччыне і Францыі, гаварыце па-беларуску! Расяянка гэта зразумела

Фотаздымкі, якія адкрылі ўсяму свету прыгажосць Беларусі

Актор пра сваё чумавое дзяцінства з калготкамі, воданапорнай вежай ды іншае

Беларускамоўны штучны інтэлект – цацка ці незаменны памагаты?