«Нашыя вучні пазбаўленыя сэнсу жыцця». Эксперт пра прычыну забойства ў школе ў Стоўбцах




Сёння ў Стоўбцах навучэнец мясцовай школы напаў з нажом на настаўніцу і школьнікаў. У выніку нападу настаўніца і адзін з падлеткаў загінулі, яшчэ двое хлопцаў знаходзяцца ў рэанімацыі. Трагедыя выклікала сапраўдны шок, а таксама гарачыя абмеркаванні ў Інтэрнэце.

Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку задаецца пытаннем: хто адкажа за бяспеку нашых дзяцей у школах? І сам дае адказ:

«Няма грошаў у бюджэце, каб выставіць патруль каля кожнай школы? Ды і не трэба. Вазьміце тую пару-тройку сотняў, а то і тысячу ілбоў, якія задзейнічаныя ў сачэнні за апазіцыяй у Курапатах, на Дзень Волі, кожны дзень… ды размяркуйце іх каля кожнай школы».

Вядомы блогер і экс-палітвязень Эдуард Пальчыс у сваім профілі ў Фэйсбуку заклікае ўсіх быць акуратнымі з усялякімі чуткамі. І папярэджвае:

«Дзяржава (хаваючыся за грамадскае меркаванне) лёгка можа выкарыстаць сітуацыю сабе на карысць. Абвінавацяць Інтэрнэт, кампутарныя гульні, Захад або мэсэнджары – і вітай, новы закон-абмежаванне на што-небудзь».

А журналісты Радыё Свабода паразмаўлялі са стрыечнай бабуляй затрыманага хлопца, якая распавяла пра яго ды ягоную сям’ю:

«Усе кажуць, што ён узорны вучань, паводзіны добрыя, а што яму сталася? Ці ён што ў інтэрнэце рабіў, ці чым займаўся!? Бацька ягоны заўсёды быў рады, што ён удома, з сям’ёй, ні ў якія дурныя кампаніі не лез. Заўсёды з бацькамі, разам. Ніколі бацькі раней на яго не скардзіліся, што курыць ці яшчэ што».

Размаўляем з Яўгенам Маліноўскім, кандыдатам псіхалагічных навук:

«Уявіце сабе чалавека, асноўная характарыстыка пра якога «добры вучань». Мы бачым тут галоўную прычыну трагедыі – гэта недахоп асабістага жыцця гэтага маладога чалавека, юнака. Таму што ўсе сілы і школы, і сям’і былі накіраваныя на вучэбную, навучальную дзейнасць, а не на асобу. […] Калі б нашая сістэма ў добрым сэнсе гэтага слова ўключала ў сябе асобу, дык яна б вучня характарызавала не як субʼект дзейнасці – паспяховы вучань ці як – а як асобу мэтанакіраваную, асобу, што мае сэнс жыцця. А так нашыя вучні пазбаўленыя гэтага сэнсу, яны не ведаюць, дзеля чаго яны жывуць, укладваюць усяго сябе ў гэтую самую дзейнасць. І калі штосьці не атрымліваецца – афект. Настрой сапсаваны, усё гэта назапашваецца, асабліва ў асобе інтравертыраванай, сама ў сабе, і гэта назапашванне афекту вядзе да выбуху…»

belsat.eu