«Нас не замаляваць, не сцерці, не разарваць». Жыхары плошчы Пераменаў працягваюць барацьбу


Сцяпана Латыпава 15 верасня затрымалі ў менскім двары, які цяпер мае назву «плошча Пераменаў». У той дзень мужчына чарговы раз бараніў ад невядомых у масках мурал «Дыджэі пераменаў».

Словы, якія Сцяпан Латыпаў няспынна паўтараў перад сваім затрыманнем, цяпер напісаныя на сцяне: «Як толькі вы назавяцеся, мы адразу выканаем патрабаванні працаўніка міліцыі. На дадзены момант вы невядомыя асобы, мы не супрацьстаім закону…»

Спадарыня Анастасія – жыхарка «плошчы Пераменаў», яна бачыла, як арыштоўвалі Сцяпана.

«Тут яны яго скруцілі, зламалі, прыціснулі нагою. Двое трымалі, адзін прадстаўнік РУУСу. Я ў яго і пацікавілася: «А чаму вы не хочаце прадставіцца?» На што ён мне параіў адыйсці, таму што зараз пад’едуць дадатковыя сілы».

Мaю прaвa
Былога міліцыянта забралі на Акрэсціна
2020.09.25 20:05

Афіцыйна ў міліцыі паведамілі, што Сцяпан падазраецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Суседка зняла, як невядомыя прыйшлі да кватэры затрыманага, яны таксама адмаўляліся казаць, хто яны і адкуль. Алена Шабановіч распавяла нам, што дзверы ў кватэру Сцяпана Латыпава ламалі каля 30 хвілінаў, а пасля яшчэ гадзіну праходзіў ператрус.

«Я пасля выглянула, кажу: «Вы не маглі б адыйсці ад дзвярэй? Я цяпер буду весці дзіця». Яны мне прапанавалі самім схадзіць за маім дзіцём. Я адказала, што гэта недарэчы, таму што дзіця і так баіцца і міліцыі, і амапаўцаў…»

Пры ператрусе прысутнічаў і Сцяпан Латыпаў. Каля пад’езду яго сустракалі суседзі. Жыхарка «плошчы Пераменаў» Анастасія Рытвінская кажа, што ў той дзень іхны сусед выглядаў вельмі стомленым і прыгнечаным.

«Сцяпана фактычна валаклі. Мне падаецца, што ён кульгаў на адну нагу вельмі моцна. На твары ў яго была маска, не медычная, а ў якой ён ездзіць на матацыкле. Чаму ён яе надзеў, цяжка казаць. Магчыма, яны яму яе і надзелі…», – распавядае Анастасія.

Каб падтрымаць свайго суседа, жыхары «плошчы Пераменаў» запісалі відэазварот.

«Хочам сказаць, што нас не замаляваць, не сцерці, не разарваць. І мы ўпэўненыя, што хутка наша «плошча Пераменаў» ператворыцца ў краіну Пераменаў! Свабоду Сцяпану Латыпаву!»

Праваабаронцы прызналі Сцяпана Латыпава палітвязнем. Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла распавёў, што гэта азначае:

«За яго будуць змагацца і палітыкі, і грамадскасць нашай краіны і па-за яе межамі. Ён будзе ў спісах на сталах перамоваў па любых пытаннях».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Сваякі ды родныя – пра пошук затрыманых
  • Пра перадачы ў ізалятар – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Як валанцёры апякуюцца мірнымі пратэстоўцамі

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.