Нармальна зажывем, калі адключым расейскія тэлеканалы


Халоднай інфармацыйнай вайны паміж Беларуссю і Расеяй не заўважаюць толькі тыя, хто цалкам адарваны ад рэальнасці. Панегірыкі аб братэрстве і сяброўстве з вуснаў кіраўнікоў дзяржаваў не замінаюць інфармацыйным атакам у мультымедыйнай прасторы. Падобна, што гэтым разам бойка будзе ісці да поўнай капітуляцыі аднаго з бакоў?

У інфармацыйнай вайне паміж Беларуссю і Расеяй надышоў час жорсткіх рашэнняў, упэўненая госця праграмы «Размова дня», галоўная рэдактарка газеты «Новы Час» Аксана Колб. Выданне трапіла пад атаку прарасейскіх актывістаў, якія пагражаюць скаргамі ў пракуратуру. Увагу адэптаў «рускага свету» прыцягнулі таксама некаторыя беларускія арганізацыі ды палітыкі. На думку спадарыні Аксаны, мы згубілі час, калі можна было з мінімальнымі праблемамі выйсці з-пад расейскага інфармацыйнага ўплыву.

«Расейскія тэлеканалы трэба было адключыць яшчэ дзесяць гадоў таму», – заяўляе рэдактарка газеты «Новы Час».

Чаму сёння крытычна важна адасобіцца ад расейскай інфармацыйнай прасторы? Ці спраўдзіцца прагноз аб поўным развале Расеі праз дваццаць гадоў?

Адказ на гэтыя ды іншыя пытанні намагаліся знайсці Святлана Калінкіна і галоўная рэдактарка газеты «Новы Час» Аксана Колб.