Напалеону і не снілася: францужанкі купаюцца ў Бярэзіне


‘C’est la Bérézina’ кажуць французы пра нейкае няшчасце або катастрофу. Выраз замацаваўся пасля паразы напалеонаўскай арміі на рацэ Бярэзіна ў 1812 годзе. Для Інгрыд Пансі ды Афэлі Гіюўэ-Лямі, якія прыехалі ў Беларусь з Францыі, прайсціся па напалеонаўскіх мясцінах і паплаваць у той самай Бярэзіне – абавязковы пункт праграмы для кожнага француза. Што яшчэ паспелі зрабіць госці ў Беларусі?

Францужанкі вучыліся і працавалі ў Менску больш за паўгода. Нягледзячы на тое, што яны шмат вандравалі па нашым краі, у іх засталося колькі няздзейсненых планаў – і апошні ўік-энд у Беларусі, каб паспець іх увасобіць.

Інгрыд паспела папрацаваць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, таму яна загарэлася ідэяй авалодаць мастацкаю тэхнікаю. У гэтым ёй дапаможа мастачка Дзіна Лявонава, якая ўпэўненая:

«Гэта вельмі цікавае практыкаванне, каб даведацца адная пра адную ды пра самую сябе».

Інгрыд Пансі

Сяброўкі намалююць партрэты адна адной, а потым зладзяць імправізаваную выставу.

Афэлі Гіюўэ-Лямі

Наступны пункт прапанавала Афэлі. Яна шмат чула пра гіганцкія машыны, якія вырабляюць на БелАЗе, і францужанка марыць пасядзець у кабіне такога цяжкавіка. Дзяўчыны выпраўляюцца з тургрупаю на экскурсію па прадпрыемстве, каб праехацца ў кабіне самазвала-гіганта.

«Ён вельмі мякка едзе, ты нават не адчуваеш дарогі. Я думаю, гэта такі своеасаблівы беларускі «Дыснэйлэнд», – дзеліцца ўражаннямі Афэлі.

Aфэлі на фоне самазвала БелАЗ

Каб выканаць трэці пункт дзявочага плану – самаробны кошык з лазы, мы звярнуліся па дапамогу да народнай майстрыхі Алены Гурэцкай. Ці далі рады сяброўкі сплесці сувеніры на памяць?

Алена Гурэцкая вучыць францужанак плесці кошыкі з лазы

Якія яшчэ сюрпрызы напаткалі дзеўчын у іхны апошні ўік-энд у Беларусі? Ці захочуць францужанкі вярнуцца сюды? Глядзіце ў наступным выданні «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.