Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі распавядзе пра небывалы маштаб рэпрэсіяў у Беларусі і студэнцкае братэрства ды патлумачыць, як беларуская мова дапаможа захаваць нацыю.
Алесь Бяляцкі – выбітная асоба. Яго некалькі разоў намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міру, а Генуя і Парыж зрабілі яго сваім ганаровым грамадзянінам. Спадар Алесь лічыць, што такія ўзнагароды за праваабарончую дзейнасць не столькі адзначаюць чалавека, колькі дэманструюць ненармальнасць сітуацыі ў Беларусі.
Беларуская мова, на думку Алеся Бяляцкага, не змагла застацца па-за палітыкаю, хоць зусім нядаўна яна была страціла палітычную афарбоўку.
«На сённяшні дзень атрымліваецца, што чалавек, які гаворыць на [беларускай. – Заўв. «Белсату»] мове, – гэта чалавек праеўрапейскі, гэта чалавек з дэмакратычнымі поглядамі, гэта чалавек, які любіць Беларусь, – кажа Алесь Бяляцкі. – Мне падаецца, гэта вельмі важныя характарыстыкі для перспектывы развіцця беларускай мовы ў нармальнай дэмакратычнай краіне».
Пра масавыя рэпрэсіі ды дзейнасць «Вясны» ў няпростых умовах, пра тое, якім чынам можна сёння пераламаць сітуацыю ў краіне, пра Карэлію ды сяброўства з Эдуардам Акуліным і Анатолем Сысом, пра сучасных беларускіх аўтараў, якіх абавязкова варта пачытаць, і пра беларускую мову распавядзе Алесь Бяляцкі.
У граматычнай частцы пагаворым пра ўжыванне словаў «пазалетась», «летась», «сёлета» і «налета», а таксама пра гутарковыя формы «завысокі», «задалёкі», «зашмат», «замала».
Вядоўцы перадачы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.
Калаж з фота: Anders Wiklund / TT newsagency / Forum