Нафтавы бардак у Расеі ці захоп беларускіх НПЗ? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Забруджаная нафта трапіла з Расеі ў Беларусь. Нашыя суседзі спынілі яе транзіт. Беларуская нафтаперапрацоўчая інфраструктура можа быць пашкоджаная атручанаю сыравінаю. Страты могуць сягаць нават соцень мільёнаў долараў. Што гэта – выпадковасць, памылка, а можа, запланаваная акцыя? У чым карані праблемы, і хто за яе заплоціць, ды як збудаваць незалежныя ад Расеі каналы паставак нафты і газу? Гэта галоўная тэма «Прасвету». Таксама ў праграме – хто разумнейшы: Аляксандр Лукашэнка ці Нурсултан Назарбаеў? Больш пра тэмы выдання:

Альтэрнатыва расейскай нафце ёсць. Праз Украіну ці праз Літву?

Шматмільённыя страты і яшчэ большая напружанасць у дачыненнях. Нафтавы крызіс на лініі Менск–Масква працягваецца, хоць Расея абяцала развязаць праблему цягам некалькіх дзён. Суседзі Беларусі спынілі транзіт атручанай расейскай нафты і гатовыя дапамагчы нашай краіне з альтэрнатыўнымі крыніцамі. Падрабязней – Вольга Жарнасек.

Польскі эксперт: «Лёс беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў гэта галоўнае цяпер»

Рэдактар парталу BiznesAlert.pl Войцех Якубік лічыць, што расейцы могуць заявіць што хочуць мадэрнізаваць беларускія НПЗ, каб стаць акцыянерамі. А НПЗ у Наваполацку і Мазыры – апошнія жамчужыны ў беларускай кароне. Інтэрв’ю з найлепшым польскім журналістам у сферы энергетыкі 2018 г.

Казахстан. Хто выбера новага прэзідэнта: Нурсултан Назарбаеў, народ ці маскоўскі Крэмль?

Казахстан рыхтуецца да датэрміновых выбараў прэзідэнта. Ужо месяц краіна жыве без прэзідэнта Назарбаева і адначасова з ім. Як гэта – добраахвотна аддаць уладу і пры гэтым усё кантраляваць? Ці не ідэальны сцэнар для Лукашэнкі, які асабліва ўважліва сочыць за зменамі палітычных элітаў на постсавецкай прасторы? Рэпартаж з Казахстану Аркадзя Несцярэнкі і Дзяніса Дзюбы.

Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў: што ў іх падобнага, ды чым яны адрозніваюцца?

Елбасы, як называюць былога прэзідэнта Казахстану, аказаўся разумнейшым за кіраўніка Беларусі. І не таму, што ён сышоў у адстаўку. У чым Казахстан зайшоў далёка наперад у параўнанні з Беларуссю? Мы папрасілі параўнаць Яўгена Жоўціса, казахскага праваабаронцу і грамадскага актывіста.

Чарнобыльская зона знікае. Як яна выглядае з паветра, і што там убачыў кіеўскі сталкер?

Чарнобыльская трагедыя сталася нацыянальным болем перш за ўсё для Беларусі і суседняй Украіны. І для нас гэты год асаблівы: менавіта сёлета, 33 гады пасля чарнобыльскай трагедыі, Беларусь запусціць уласны буйны ядравы рэактар. Але ці паспелі мы перад гэтым зрабіць работу над чарнобыльскімі памылкамі? На прыкладзе Украіны разбіраўся Ігар Кулей.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu