Свет Надзвычайнае становішча ў Паўночнай Караліне праз пратэсты афраамерыканцаў


https://www.youtube.com/watch?v=F4lk-OdkyzY

У Злучаных Штатах, у Паўночнай Караліне ўведзены рэжым надзвычайнага становішча праз масавыя беспарадкі на вуліцах. У Шарлат, дзе адбываюцца пратэсты афраамерыканцаў, накіраваная нацыянальная гвардыя.

Масавыя пратэсты і сутыкненні мясцовых жыхароў з паліцыяй адбываюцца ў Шарлат ужо другі дзень. Каб перапыніць пратэсты, паліцыя ўжывала слезацечны газ і гумовыя кулі. Падставаю для сутычак зрабілася смерць 43-гадовага Кіта Ламанта Скота. Паліцыянты палічылі, што мужчына меў у руках зброю. Аднак сведкі і родныя сцвярджаюць, што ён трымаў у руках кнігу, а не пісталет.

«Чалавек сядзеў у сваім аўтамабілі, рабіў сваю справу, і я пачула, як ягоная жонка гукае ўнізе, яна бегла адтуль з крыкам: «Не рабі гэтага! Калі ласка, не!» Я гляджу, стаіць мужчына, які навёў пісталет у бок містара Скота. Той падняў рукі ў паветра і казаў: «Я нічога не маю». Але ў яго стрэлілі чатыры разы. Гэты чалавек паваліўся на зямлю, а яны проста стаялі там і глядзелі на яго. Я маю гэта на відэа ў тэлефоне», – адзначыла сведка забойства ў Шарлат Кэгіш’я Ўільямз.

Глядзіце яшчэ >>> У Гілары Клінтан – пнеўманія. Жыхары ЗША занепакоеныя

У выніку сутыкненняў адзін пратэстовец атрымаў агнястрэльнае раненне. З другога боку пацярпелі 15 праваахоўнікаў. Шэф паліцыі, выступаючы перад журналістамі, пацвердзіў афіцыйную версію.

«Я магу вам сказаць, што зброя была канфіскаваная, гэта быў пісталет. Я таксама магу сказаць: мы не знайшлі кнігі, на якую ўсе спасылаюцца», – заўважыў шэф паліцыі Шарлат Кэр Патні.

Першапачаткова пратэсты ў Шарлат мелі мірны характар. Але пазней градус напругі пачаў павышацца. У ход пайшлі камяні, бутэлькі, петарды. Нягледзячы на такія крокі мясцовыя афраамерыканцы вінавацяць паліцыю ў перадузятым стаўленні да сябе.

«Калі ёсць сітуацыя, дзе белы чалавек размахвае пісталетам, дык адзінае, што будзе рабіць афіцэр, – угаворваць пакласці зброю, ну, можа быць, стрэліць чалавеку ў нагу. А калі яны бачаць чорнага са зброяй, яны заўсёды будуць страляць», – падкрэсліла жыхарка Шарлет.

«Гэта культура расізму і перавагі багатых белых людзей, якія наверсе, а бедныя – на дне. Гэтак было цягам усёй нашай гісторыі», – заўважыў мужчына з Шарлет.

Паводле мясцовых медыяў, афраамерыканцы складаюць толькі 13 % насельніцтва ЗША, і пры гэтым кожны чацверты, загінулы ад рук паліцыі, – таксама афраамерыканец.

«Мы не атрымліваем ніякай справядлівасці. Чорныя жыцці не маюць значэння для гэтага гораду. Мы бачым, як нас лінчуюць у сацыяльных медыях, на тэлебачанні. Гэта ўсё ўплывае на псіхіку чорных людзей. Вы самі ўсё гэта бачылі мінулай ноччу», – адзначыў актывіст Б. Дж. Мэрфі.

Найбольш гучныя пратэсты афраамерыканцаў супраць выкарыстання зброі паліцыяй адбываліся летась у Балтымары і два гады таму ў Фэргусане. Шторазу падставаю былі забойствы паліцыянтамі мясцовых афраамерыканцаў.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары