Вяскоўцы На ўкраінскім вяселлі спяваюць песні пра часы ВКЛ


Вёдры гарэлкі, горы пачастункаў, украінскі каларыт, даўнія звычаі і сучасныя забавы – усё гэта ў праграме «Вяскоўцы», якая гуляла ва Украіне вяселле.

Дагэтуль у Шацку на валынскай зямлі вельмі важную функцыю падчас вяселляў выконвае «харунжы» – адмыслова прызначаны маладзён, які вядзе рэй у забавах, запрашае гасцей да стала і разносіць вясельнікам каравай. З сабою ён заўсёды носіць, нібы атаманскую булаву, «харонгу» – разгалінаваны сасновы сук, упрыгожаны барвінкам, чырвонымі стужкамі і званочкамі. Вясельны харунжы мусіць усю ўрачыстасць пільнаваць харонгу і не зводзіць з яе вачэй. Калі ж некаму ўдасца ўкрасці харонгу, то той можа зажадаць ад харунжага любы выкуп, які толькі захоча.

Распавялі ў праграме і пра даўнейшыя звычаі, якія ўжо сышлі ў мінулае. Некалі маладым у першую шлюбную ноч слалі белую прасціну, а нараніцу выносілі яе, каб праверыць, ці маладая была нявінніцай. Здаралася, што бацькі замест малодшай дачкі, да якой сватаўся хлопец, прывозілі ў царкву старэйшую, твар якой быў закрыты вэлюмам. Калі ж малады адкрываў падмену, то яго задобрывалі зямлёю, якую давалі ў пасаг.

Дагэтуль на Валыні спяваюць таксама старадаўнюю вясельную песню, карані якой сягаюць, магчыма, Сярэднявечча. Вясельнікаў з боку маладога ў спеве называюць «Літвой», з якой будуць ваяваць сваякі нявесты. Сярэднявечныя бітвы літоўскіх рыцараў і валынцаў сталі метафарай жартаўлівага супрацьстаяння двух родаў, калі малады і ягоная дружба змагаліся за выкуп нявесты.

Валынь уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага з канца XIV ст. да 1569 года, калі згодна з Люблінскай уніяй адышла да Польскай Кароны.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.

Глядзі таксама
Каментары