На што беларусы трацілі грошы ў 2018 годзе?


Эксперт «Асабістага капіталу» аналізуе беларускі таваразварот. Той за мінулы год вырас на 8,5 %. Пра што тое сведчыць і ці добра гэта для простага чалавека, і разважае Міхал Залескі.

Большая частка заробленых або нейкім іншым чынам атрыманых грошай найкарацейшым шляхам апынаецца ў касах прадаўцоў рознага тавару. Ад таго, як і што купляюць людзі, залежаць агульны стан народнай гаспадаркі ды сацыяльны спакой у краіне.

Белстат інфармуе нас, што на спажывецкім рынку таваразварот гандлю ўраздроб, то бок без продажу агулам і паставак вытворцам прадукцыі ды паслугаў, склаў за 2018 год 44,7 мільярды рублёў.

Таваразварот гандлю ўраздроб

У параўнальных коштах статыстыкі лічаць яго большым на 8,4 %, чым у 2017 годзе. Парадуемся разам з імі і зірнем, што за тым ростам хаваецца. Па вялікім рахунку, дзве групы тавараў: харчовыя і нехарчовыя. Асаблівасць першых у тым, што калі голаду ў краіне няма, то рост забяспечвае толькі продаж больш якаснай ежы ды паляпшэнне рацыёну.

На рынку нехарчовых тавараў умовы дыктуе не якасць, а мода, што прымушае выкідаць прыдатныя рэчы як састарэлыя. Некаторых гэтая мода маральна траўмуе.

Продаж асобных харчовых тавараў

Дык вось харчовых тавараў атрымалася прадаць у параўнальных коштах за 2018 год на 2,8 % больш, чым за 2017. Астатніх тавараў прадалі на 6 % болей. Гэта сведчыць пра тое, што ў сярэднім, не абмяркоўваючы методыкі параўнання коштаў, працоўным і беспрацоўным з жонкамі, дзецьмі ды старымі было за што купляць.

Пры тым рост продажу адставаў, асабліва ў харчовай частцы ад афіцыйнага росту рэальных грашовых прыбыткаў.

Продаж асобных харчовых тавараў

Раз сацыяльна арыентаваная нашая эканоміка ў харчовай частцы мае два базавыя арыенціры: чарку ды скварку, – засяродзімся на іх.

Мяса і вырабаў з яго прадалі ледзь не 686 тысячаў тонаў. На 3,4 % больш, чым у 2017 годзе, або па 73 кілаграмы прыблізна на жывога спажыўца.

Алкагольных напояў купіў наш волат-народ у пераліку на чысты спірт больш за 72 мільёны літраў, або па 8 літраў спірту на душу насельніцтва. Астатняе – самагон.

Продаж асобных нехарчовых тавараў

Зрэшты, на тыя самыя 3,4 % болей, чым у 2017 годзе. А ў нехарчовым сегменце памераем дабрабыт і прагрэс маторным палівам.

Колькі літраў яго спажылі, не паведамляецца. Праз цэны, мабыць. А ў параўнальных тых цэнах – рост на 7,4 %.

Найбольшы рост, праўда, па тэлевізарах – 25 %. Тэлевізараў жа купілі 264 000 штук.

Як дзеля мяне, то няхай бы камп’ютары куплялі замест тэлевізараў. Ды і колькі ў тых мясапрадуктах мяса – ніхто не ведае. І замест спірту – дзеткам апельсін які лепей купіць. Карацей, так сабе таваразварот. Мог бы быць і лепшы. Спажывайце!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залесскі, belsat.eu