На прадпрыемствах запалохваюць тых, хто атрымаў траўмы на вытворчасці


Паводле звестак Белстату, летась каля 1700 беларусаў атрымалі вытворчыя траўмы. 95 чалавек з іх памерлі. Аднак на справе людзей, якія пацярпелі падчас працоўнага працэсу, нашмат больш. Каб не псаваць статыстыкі, кіраўніцтва запалохвае працаўнікоў звальненнем. Хто не хоча маўчаць – губляе працу. Але ёсць і тыя, хто даходзіць да суда і ў выніку атрымлівае поўную кампенсацыю.

Спадарыня Наталля працавала пасудамыйкай у дзяржаўным універсаме. А паўгода таму на працы зламала плячо. Перажыла аперацыю, яшчэ чатыры месяцы выдаткавала на рэабілітацыю. А калі вярнулася пасля бюлетэню на працу – з ёй скасавалі кантракт. Працадаўца адмовіўся афармляць траўму як вытворчую. Маўляў, жанчына была ва ўніверсаме, але ўпала ў той час, калі не выконвала службовых абавязкаў.

«Былі там знішчаныя здымкі з камераў, дзе пацвярджалася, што я перабывала ў гэты час на працы і пры якіх абставінах гэта было ўсё. На гэтай падставе сказалі, што ў мяне няма вытворчай траўмы», – распавядае Наталля Суфіновіч.

Праход, дзе адбыўся няшчасны выпадак, – агульны. Іншага шляху да працоўнага месца ў спадарыні Наталлі не было. Але дзяржаўная камісія, якая вяла следства ў гэтай справе, стала на бок кіраўніцтва. Спадарыня Наталля звярнулася ў незалежны прафсаюз і цяпер шукае праўды ў судзе. Будзе спрабаваць спагнаць з працадаўцы 20 тысячаў рублёў.

Калі вы атрымалі вытворчую траўму, то маеце права на кампенсацыю ад страхавой кампаніі, плюс выплаты за маральныя страты.

А бюлетэнь па вытворчай траўме аплочваецца, як і працоўныя дні, – 100 % заробку. У выпадку побытавых траўмаў вы б атрымалі толькі 80 % заробку. Кіраўніцтву і страхавым нявыгадныя вытворчыя траўмы – таму іх старанна хаваюць.

«Паказваючы, што ў нас умовы працы паляпшаюцца, спрабуюць паказаць лічбу, што і траўматызм у нас памяншаецца. І хутка будзе наагул нулявы. Баюся, што хутка тых жа загінулых на вытворчасці будуць выносіць за вароты і казаць, што гэта не звязанае з вытворчасцю», – каментуе Ігар Комлік, прадстаўнік незалежнага прафсаюзу РЭП.

Часта, каб не псаваць статыстыкі, працадаўца просіць аформіць працоўную траўму як побытавую. За гэта потым абяцаюць прэміі або лепшае стаўленне. Але пагаджацца нельга ні ў якім разе.

Калі з часам выявяцца дадатковыя наступствы для здароўя і на лекаванне спатрэбяцца грошы, то нават у судзе будзе немагчыма давесці, што працадаўца мусіць вам заплаціць.

Летась Цімафей Карпаў скончыў каледж паводле спецыяльнасці тэхнолаг. Яго размеркавалі на Менскі маторны завод. Праўда, пасады, адпаведнай кваліфікацыі хлопца, не знайшлося. Яго паставілі працаваць на лінію разгрузкі валоў, кожны з якіх важыць больш за 30 кілаграмаў. Аказалася, што вытворчасць не да канца аўтаматызаваная, і цяжар рабочым даводзіцца насіць уручную. Калі напарнік Цімафея сышоў у адпачынак, хлопцу давялося выконваць працу за дваіх.

«За сем працоўных дзён я перанёс больш за тысячу валоў. Як запісана ў журнале, гэта больш за 170 валоў на дзень», – распавядае Цімафей Карпаў, які атрымаў траўму на працы.

Праз тыдзень працы Цімафей адчуў моцны боль у спіне. Дасюль падобных праблемаў са здароўем не меў. Звярнуўся да дактароў, і тыя забаранілі хлопцу падымаць цяжар. Кіраўніцтва ж заводу аспрэчвае, што з іхнай віны Цімафей сарваў спіну. Маўляў, не ведалі, што валы працаўнікі цягаюць уручную. Аднак сам хлопец сцвярджае, што рабіў усё гэтак, як паказаў яму майстар. Цяпер Цімафей звярнуўся ў суд – спадзяецца атрымаць страхавую кампенсацыю.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».