На магіле Каліноўскага можа не быць надпісу па-беларуску. Мы можам змяніць сітуацыю


Парэшткі Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863–1864 гадоў перапахаваюць у Вільні на могілках Росы, імаверна, ужо гэтаю восенню. Пра тое, што тут знойдуць свой спачын паўстанцы, будуць сведчыць адмысловыя надпісы на дзвюх мовах – па-польску і па-літоўску. Беларуская мова з’явіцца толькі ў тэхнічным апісанні ў капліцы, дзе будуць пахаваныя нацыянальныя героі Літвы, Польшчы і Беларусі, паведаміла прадстаўніца польскага міністэрства культуры Эльжбета Рагоўска.

Гэтую інфармацыю «Белсату» пацвердзіў і віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс:

«Запіс будзе на літоўскай і польскай мовах, і трэба абмяркоўваць, ці будуць іншыя мовы, можа, і беларуская. Пакуль мы не вырашылі. Але інфармацыйная табліца аб паўстанні будзе на літоўскай, польскай, беларускай, ангельскай мовах. Калі будзе цікавасць – будзем гаварыць пра гэта з беларускім бокам…»

Чаму паўстала такая сітуацыя? Гаворым са старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесем Адамковічам:

«Трошкі ідзе ігнараванне беларускай мовы ў надпісах на магілах самых паўстанцаў, што я лічу не зусім гістарычна адпаведным, бо ўжо прызнана, што змагаліся тры народы: беларускі, польскі і літоўскі. Таму надпісы павінныя быць на дзяржаўнай літоўскай мове, або на трох мовах…»

Працяг каментара – у сюжэце.

Што думаюць грамадзяне пра амаль нулявую актыўнасць нашых дыпламатаў у пытанні магілы Кастуся Каліноўскага? І хто мусіць паехаць у Вільню? Мы спыталі ў жыхароў Менску.

belsat.eu