На «Еўра-2016» беларусы будуць заўзець за іншыя краіны


«У музеях, у кожным месцы, дзе мы ідзем, правяраюцца ўсе валізкі ды торбы. Усе турбуюцца пра гэта. У плане бяспекі тут вельмі камфортна», – кажа наведніца з Бразіліі.

Напярэдадні ў Парыжы на Марсавым полі адкрылася найбуйнейшая фан-зона сёлетняга чэмпіянату, якая можа змясціць 92 тысячы заўзятараў. Але, каб заўзець за любімыя каманды, беларусам не абавязкова ехаць у Францыю – сёння ў Менску з’явілася свая фан-зона «Еўра-2016».«Я буду заўзець за Расею і, вядома, хачу расейцаў бачыць у фінале, але я таксама думаю, што высокія шанцы ў французаў ды іспанцаў», – заяўляе старшыня Беларускай федэрацыі футболу Сяргей Румас.

За каго заўзеюць футбалісты?

У фаварытах трэнера галкіпераў «Дынама» Васіля Хамутоўскага значацца Нямеччына і Румынія. Але найперш – гэта цікавы футбол.

«Мне будзе цікава паглядзець, як будуць выглядаць у фінальнай частцы навічкі, як Албанія, якая стала сапраўдным сюрпрызам», – кажа Васіль Хамутоўскі.

Самыя ж менчукі змогуць атрымаць асалоду ад прыгожай гульні і ўдома – матчы будуць транслявацца штодня. З невялікай апытанкі, якую мы правялі на вуліцах, вынікае, што найбольш беларусы будуць заўзець за Партугалію, Іспанію ды Італію. Хтосьці будуць заўзець за Расею, а хтосьці – супраць яе.Сярод айчынных заўзятараў ёсць і тыя, хто атрымаў магчымасць пабачыць «Еўра-2016» на ўласныя вочы. Ужо паслязаўтра мянчук Аляксандр ляціць у Францыю ды плануе заўзець за зборную Ісландыі беспасярэдне на стадыёне.

«Ехаць на «Еўра» – гэта ўжо такая традыцыя. Мы былі 4 гады таму ва Украіне, усё спадабалася. А цяпер вырашылі паўтарыць гэта ў Францыі. Тым больш «Еўра» – гэта не чэмпіянат свету, які праходзіць у Бразіліі. Тут сеў на самалёт, прыляцеў – і ты атрымліваеш асалоду ад футболу, свята жыцця і ўсяго такога», – кажа заўзятар.

Самая Беларусь не прайшла на чэмпіянат Еўропы падчас адборачнага этапу «Еўра». Адмыслоўцы называюць самыя розныя прычыны пастаянных няўдачаў айчыннай зборнай, але заклікаюць веры не губляць.«Усё ж такі трэба верыць, што нашая зборная трапіць на чэмпіянат свету ці Еўропы. Але для гэтага трэба нешта зрабіць. Калі ў сталіцы няма прыстойнага стадыёну, каб прымаць матчы чэмпіянату Беларусі, неяк цяжка весці нейкія размовы. Тое ж самае – юнацкі футбол і ў цэлым эканамічная сітуацыя», – лічыць спартовы аглядальнік «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Уладзімір Крыулін.Беларусам застаецца атрымліваць асалоду ад самаго чэмпіянату, які скончыцца фінальным матчам роўна праз месяц, 10 ліпеня на стадыёне Сэн-Дэні.Віталь Бабін, «Белсат»