На Дзеда Мароза выклікалі міліцыю: святочны бізнес па-беларуску




Навагодні бізнес хоць і абмежаваны сезонам, затое мае свае плюсы. Даказана, што пераднавагодняя мітусня адключае ў пакупнікоў рэжым эканоміі – да святаў рыхтуюцца абсалютна ўсе: і прыватныя асобы, і кампаніі. Людзі гатовыя шмат траціць, а прадпрымальнікі – зарабляць, прычым самымі незвычайнымі спосабамі.

Напрыклад, Дзед Мароз – альпініст ладзіць звычайнае святочнае віншаванне, але ў дом трапляе не праз дзверы, а праз вакно. Дамовіцца пра тое, каб трапіць на дах, – самае складанае ў ягонай працы. Калі само віншаванне займае не больш за паўгадзіны, то перамовы з ЖЭСамі могуць цягнуцца некалькі дзён. Першая адукацыя Мікалая Бруйка – актор, а другая – педагог. А яшчэ ён скончыў курсы прамысловага альпінізму. Калі ўсё гэта склалася разам – з’явілася паслуга «Дзед Мароз у вакно». Сёлета споўнілася чатыры гады, як Мікалай з віншаваннямі ды падарункамі спускаецца з дахаў дамоў у кватэры менчукоў.

За ўвесь святочны перыяд па паслугу «Дзед Мароз у вакно» да Мікалая звяртаецца ад 2 да 5 кліентаў. Такое для беларусаў – экзотыка. Замаўляюць дзядулю-альпініста найчасцей дарослыя самі сабе, каб святочная ноч была весялейшая. Або для дзяцей, якія ўсумніліся ў існаванні цуду. Не абыходзіцца ў працы Мікалая і без форс-мажораў. Бывала, што недаверлівыя беларусы выклікалі на Дзеда Мароза міліцыянтаў, прымаючы таго за злодзея.

«Дзядуля вельмі перапалохаўся, што на вуліцы хтосьці лезе. Падумаў, што, можа, злодзеі нейкія, вельмі доўга са мной лаяўся. Пачынаў страхоўку да сябе зацягваць. А калі мы ўжо на даху вяроўкі збіралі, бачылі, што ён адну вяроўку на даху часткова надрэзаў. Своечасова паспелі вылезці ў акенца!» – распавядае Мікалай Бруйко.

Паслуга «Дзед Мароз у вакно» каштуе ад 150 да 300 рублёў. Гэта залежыць ад даты, на якую прыпадае замова. Найдаражэй непасрэдна ў навагоднюю ноч, чым далей ад свята – тым танней.

Людзі ва ўсім свеце чаго толькі ні прыдумалі, каб зарабіць на навагодніх святах. Па Вялікай Брытаніі курсуе шакаладны грузавік. Усярэдзіне – салодкі рай з шакаладу і цукерак, з якіх стваральнікі зрабілі нават камін і мэблю. У Ледзяны бар, дзе сцены, барная стойка, падлога і посуд зробленыя з лёду, можна трапіць у Маскве і Санкт-Пецярбурзе. А ў Дубаі – цэлы ледзяны рэстаран. Зарабляюць і на штучным снезе, з віскозы ці палімернага парашку. Ва ўсім свеце яго ўжываюць для фотасесіяў і шматлікіх імпрэзаў.

Таццяна Якімчанка з адукацыі архітэктарка, але дзяўчыну заўсёды больш вабілі пэндзлі ды фарбы. Тры з паловаю гады таму нарадзілася яе шоу «Залаты пыл», і мастачку запрашаюць на дні народзінаў, вяселлі, навагоднія святы. Пакуль гледачы сочаць за працаю, Таццяна малюе чорнай фарбай на палатне – пры дапамозе пылу тут з’яўляецца карціна.

На імпрэзах праграма доўжыцца каля сямі хвілінаў, а падрыхтоўка забірае прыкладна сем дзён. Замоўцы дасылаюць мастачцы фотаздымак, яна стварае эскіз будучай карціны ў камп’ютарнай праграме. Калі замоўца задаволены, то мастачка робіць дома пробны варыянт – і толькі потым рыхтуе імпрэзу. Кошт шоу пачынаецца ад 200 рублёў.

Назва фабрыкі, што вырабляе ёлачныя цацкі, «Грай», расшыфроўваецца як «Ганарыся рэчамі Айчыны». Нягледзячы на тое, што бізнес сезонны, прадпрыемства працуе круглы год. За дванаццаць месяцаў тут вырабляюць больш за 100 тысяч цацак. На фабрыцы працуюць каля 40 чалавек, узімку іх становіцца больш – каб даваць рады з замовамі, запрашаюць падзарабіць мастакоў: цяпер на прадпрыемстве іх пятнаццаць. Шары для роспісу замаўляюць ва Украіне, бо выдзімаць самім – пакуль нерэнтабельна.

«Законы рытэйлу трошкі суровыя. Нам даводзіцца біцца за пакупніка яшчэ і з рытэйлерамі. Ну а калі мы будзем выпускаць 250–300 тысяч, мы, вядома ж, зможам выдзімаць гэтыя шарыкі самі», – кажа Андрэй Бягун, заснавальнік фабрыкі ёлачных цацак.

Фабрыка «Грай» супрацоўнічае з прыватнымі гандлёвымі сеткамі Беларусі ды дзяржаўнымі крамамі. Працуюць яны і на экспарт: ёлачныя аздабленні адпраўляюцца ў Расею, Латвію і Літву. У развіццё прадпрыемства грошы Андрэй укладае круглы год, а прыбытак атрымлівае ўзімку – таму колькі ўдаецца зарабіць, яму падлічыць цяжка.

Спачатку Андрэй калекцыянаваў ёлачныя цацкі, падчас вандровак прывозіў іх з розных краінаў, а ў 2014-м зладзіў першую выставу цацак, і ўжо на наступны год стварыў фабрыку.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».