«Мы зрабілі вялікі ўнёсак у добрую жывую мову». Як працуе моўная служба «Белсату»?


Сёння падводзім наступныя вынікі года. І робіць гэта нашая моўная служба. Моўная служба 11 гадоў разам з намі, хоць яе і не бачна на экранах. Гэта 50 запытаў на дзень па моўную хуткую дапамогу. За гэты год працаўнікі вычыталі 8200 старонак, гэта 14 трылогіяў «На ростанях» Якуба Коласа. Алена Талапіла, лінгвістка, якая супрацоўнічае з моўнаю службай «Белсату», з намі на сувязі:

«Сапраўды, праца моўнае службы няпростая, у тым ліку з-за таго, што нас не бачна. З раніцы да ночы сыплюцца нам моўныя запыты. Мы працуем штодня ў тры змены. Мы чытаем увесь аб’ём інфармацыйнага выдання, некалькі праграмаў, мы дапамагаем асвойваць іншамоўныя найменні для фільмаў. Натуральна, не кожнае слова мы выпраўляем, можа быць, кожнае пятае, кожнае дзясятае. Але мы зрабілі вялікі ўнёсак у добрую жывую мову «Белсату». […]

Мне падабаецца адказ, які я пачула ад аднаго з працаўнікоў каналу: моўная служба патрэбная для таго, каб іншыя рэдакцыі зайздросцілі «Белсату». Натуральна, кожны з нас можа сумнявацца ў сваіх ведах альбо не да канца разумець нейкія нюансы. У такіх выпадках добра мець дапамогу адмыслоўцаў».

belsat.eu