«Музыка тоўстых» родам з Польшчы


Квінтэт Войтэка Мазалеўскага паказаў беларускай публіцы альбом «Polka», які атрымаў у Польшчы статус залатога. Канцэрт прайшоў на сцэне вялікай залы дзяржаўнай філармоніі.

Войтэка Мазалеўскага называюць тварам сучаснага польскага джазу, і з яго імем звязваюць вяртанне моды на гэты кірунак на ягонай радзіме. Сакрэт поспеху – у спалучэнні класікі ды сучасных падыходаў, эксперыменты як з гукам, гэтак і з відэаўвасабленнем, лічыць вядоўца канцэрту, крытык Дзмітрый Падбярэзскі:

«Ён адзін з самых топавых калектываў польскага джазу на сёння. І на маю думку, чым яны бяруць публіку і адрозніваюцца ад іншых: у гэтай музыцы прысутнічае здаровая іронія. Іронія над джазам наагул, іронія над тым, што гучала ў музыцы ў папярэднія гады і, магчыма, тое, што будзе гучаць у будучыні».

У Менск квінтэт Войтэка Мазалеўскага завітаў упершыню ў межах сусветнага «Golden Tour». Каб зайграць той самы альбом «Polka», які ўжо разышоўся ў Польшчы накладам 15 тысяч кружэлак ды атрымаў статус залатога. Кампазіцыі з яго пісаліся ў дарозе, як распавёў Войтэк Мазалеўскі:

«Мы шмат часу праводзім на гастролях, творы з’яўляюцца ў розных гарадах: у Бангкоку, Парыжы, Лондане. Частка твораў і мае назвы гарадоў. Калі ты далёка ад дому, калі сумуеш па родных і блізкіх, творчы патэнцыял абуджаецца наймацней».

Музыка быў уражаны мясцовай публікаю, якая запоўніла вялікую залу філармоніі. Ён не выключае, што следам за п’есамі «Берлін» і «Парыж» можа з’явіцца кампазіцыя пад назваю «Менск».

Іншыя тэмы: Зорка са Смілавічаў Шрагі Царфін – у дакументальным фільме. «Цытуй сваё!» і будзь прысутным у Гомлі. Авангард ды «Іншае»: выстава Уладзіміра Акуліна ў Менску.

Сяргей Будкін, Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык, «Белсат»