Музыка для адкрытых людзей. Рэпартаж «Белсату» з «Джазавых вечароў»


Неверагодна, але піяністцы ўсяго сем гадоў – Соф’я Курловіч з Салігорску ўжо сталася любіміцай публікі: відэа ейнай эмацыйнай ігры набрала ў сеціве сотні тысяч праглядаў. Выступам зорнай дзяўчынкі адкрыўся сезон сталічных «Джазавых вечароў».

Канцэрты ля ратушы па-ранейшаму шматлюдныя, хоць фармат сёлета крыху іншы: у «Вечароў» змяніліся арганізатары, фонд «Ідэя» больш не мае да іх дачынення, а музычным прадзюсарам стаў Андрэй Каліна. Ён зрабіў акцэнт на беларускую музыку – у першы вечар выступіў этна-дуэт «Агата», – а таксама на больш зразумелы джаз, даступны як знаўцам, так і аматарам. Сусветныя гіты прэзентаваў музыка-мультыінструменталіст Гэрысан Янг з Нідэрландаў. Пра выбар гасцей распавядае музычны прадзюсар фестывалю Андрэй Каліна:

«Мы шукалі, хто са знакамітых артыстаў цяпер у еўрапейскіх турнэ, чые графікі гастрольныя супадаюць, і мы зможам іх прывезці».

Такім выканаўцам стаўся тытулаваны амерыканскі гітарыст Скот Гэндэрсан:

«Бывае музыка, якую могуць зразумець толькі музыкі. Але мы спалучаем розныя жанры – тут і рок, і блюз, і джаз. І я прытрымліваюся аптымістычнага меркавання, што нашая музыка падабаецца ўсім адкрытым людзям».

Наперадзе яшчэ дзве джазавыя суботы. Але атрымаць асалоду ад музыкі можна не толькі на плошчы Свабоды. Мелодыі Моцарта, Бэтховэна і Штраўса грае для менчукоў сімфанічны аркестр каля Опернага тэатру. Абяцаюць, што папулярная класіка будзе гучаць тут што нядзелю а 17:00.

Іншыя тэмы:

Беларусы былі б больш мабільнымі, калі б не візы.

Агінскі не піў піва? Гэтую памылку можна выправіць.

Дазволіць нельга забараніць – праект у сталічным «Корпусе» прымушае ўдзельнічаць і думаць.

Глядзіце таксама:

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu