Мужчына праз невыносны боль ходзіць на працу, бо не можа атрымаць інваліднасці


Ад працы да дому Аляксандру Мерляну ісці амаль 3 кіламетры. У Лагішыне, што на Піншчыне, грамадскі транспарт не ходзіць. Каб трапіць на працу ў час, спадар Аляксандр выходзіць з дому прыкладна а 06:30, вяртаецца – праз 11 гадзінаў. Мужчына мае трэцюю пажыццёвую групу інваліднасці праз хваробу ног.

«Казалі, што мне патрэбная ІІ група [інваліднасці], але я не маю адзнакаў у медычнай кніжцы, таму даць не могуць», – распавёў нам па дарозе спадар Аляксандр.

Спадар Мярлян – грамадзянін Украіны. У нашую краіну ён прыехаў 25 гадоў таму з жонкай Аленаю і шасцю дзецьмі. Жыллё перасяленцам прапанавала родная цётка спадарыні Алены. Алена з дзецьмі там і прапісаліся, а вось спадара Аляксандра цётка рэгістраваць адмовілася.

«З-за таго, што я не быў прапісаны, мяне дэпартавалі на 5 гадоў», – кажа Аляксандр Мярлян.

Мaю прaвa
Тры самагубствы за два месяцы. У Беларусі замежнікі лезуць у пятлю праз жорсткае заканадаўства
2019.02.13 19:05

Пакуль мужчына быў ва Украіне, ягоная жонка, спадарыня Алена, моцна захварэла. У яе артрыт.

«Вось два пальчыкі ў мяне толькі і працуюць. Ногі таксама пакручаныя. Да такой ступені стан пагоршыўся, што я трапляла ў рэанімацыю», – распавядае Алена.

У выніку дзяцей сям’і Мерляноў забралі ў дом-інтэрнат, а Аляксандру прысудзілі выплочваць аліменты на іхнае ўтрыманне.

«Пакуль я быў ва Украіне 5 гадоў, у мяне з’явілася запазычанасць [перад домам-інтэрнатам]», – кажа спадар Аляксандр.

На сёння Аляксандр вінен дзяржаве каля 30 тысяч рублёў. Калі ж не будзе плаціць, яго зноў дэпартуюць.

«Я згодная на дэпартацыю, каб ён не жадаў працаваць. А калі ён не можа! Ну, не можа ён працаваць, у яго моцны боль!» – кажа скрозь слёзы спадарыня Алена.

На ўсе звароты да чыноўнікаў Аляксандру адказваюць прапановаю класціся ў шпіталь – але платна. Мужчына кажа, што гэта 300–400 рублёў за 10 дзён шпіталізацыі. І так трэба зрабіць два разы на год, каб былі пазнакі ў медычнай кніжцы, і пасля можна было атрымаць непрацоўную групу інваліднасці. Такіх грошай наш герой не мае, бо жыве фактычна за пенсію жонкі.

Карэспандэнт «Маю права» звярнуўся да Васіля Агіевіча, кіраўніка ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Пінскага райвыканкаму, каб даведацца, ці магчыма развязаць праблемы сям’і Мерляноў.

«Давайце так дамовімся, што на наступным тыдні яшчэ раз накірую, даручу тэрытарыяльнаму цэнтру дасканала вывучыць, што яму [Аляксандру Мерляну] трэба. Паглядзім з лекарамі, у тым ліку нейкую гуманітарную дапамогу мы арганізуем, адназначна!» – паабяцаў чыноўнік.

Аб’ектыў
Праблемы людзей з інваліднасцю ў Беларусі
2020.02.19 22:35

Сяргей Драздоўскі ж раіць Аляксандру Мерляну звярнуцца па дапамогу ў Офіс правоў людзей з інваліднасцю і разам патрабаваць шпіталізацыі.

«Калі сітуацыя даходзіць да таго, што чалавека трэба ўжо везці ў рэанімацыю замест таго, каб прапанаваць яму прафілактычную дапамогу, – гэта, канечне, дзіўна і наагул незразумела. Паводле закону ў яго мусіць быць роўны з іншымі доступ да медычнай дапамогі», – кажа кіраўнік Офісу правоў людзей з інваліднасцю.

На момант рыхтавання сюжэту пінскія чыноўнікі гэтак і не звязаліся з Аляксандрам і Аленаю. І наш герой вымушаны і далей хадзіць на працу, не зважаючы на пакуты.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Жыхары інтэрнату наракаюць на камунальнікаў, а тыя – на кандэнсат
  • Мы адведалі ў Вілейцы нашых папярэдніх герояў
  • У Салігорску шматдзетныя замест кватэраў атрымалі даўгі

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.