Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі


Увечары 09.08.2020 года мянчук Аляксандр Пастухоў выйшаў у краму па цыгарэты. У той дзень ён завітаў да свайго бацькі ў госці. З крамы Аляксандр не вярнуўся.

«Я схадзіў у «Карону» і ўжо вяртаўся. Насупраць, падаецца, прыпынку «Гусоўскага» на лужку былі мітынгоўцы і АМАП, – прыгадвае падзеі Аляксандр. – Я ўзняў рукі на знак падтрымкі і пайшоў далей. Праз пару крокаў адчуў рэзкі боль у грудзях. Адразу не зразумеў, але пачаў неяк завальвацца ў бок. Пасля гляджу на рукі – усё ў крыві».

Гумавая куля трапіла ў лёгкае мужчыны. Як разгортваліся падзеі далей, спадар Аляксандр памятае кепска:

«Напэўна, прадстаўнікі МУС мяне кудысьці пацягнулі. Я не памятую, на чым я ехаў. Па-першае, акуляры кудысьці падзеліся. Па-другое, губляў прытомнасць. Памятую, кудысьці везлі. Пасля, быўшы ў коме, час ад часу прыходзіў у прытомнасць…»

Асабісты капітал
Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?

2020.09.07 19:10

Вайсковы шпіталь – адзінае месца ў Менску, дзе лекуюць агнястрэльныя раненні, там карэспандэнты «Маю права» першы раз і адведалі Аляксандра. Ён заставаўся ў коме тры дні. Увесь гэты час ягоныя родныя не ведалі, дзе ён і што з ім: ягоны заплечнік з дакументамі застаўся ў міліцыянтаў.

«На Акрэсціна два дні прадзяжурылі, ніякай інфармацыі не было, – распавядае брат Аляксандра Павел Пастухоў. – Па шпіталям тэлефанавалі, з такім прозвішчам да іх ніхто не трапляў».

Карэспандэнты «Маю права» зноўку адведалі Аляксандра амаль праз месяц, калі ён быў ужо ўдома.

«Тры дні таму знялі апошнія швы. Вялікая радасць – можна была цалкам прыняць душ», – кажа мужчына.

Пакуль асаблівых рэабілітацыйных практыкаванняў мужчына не робіць: дыхае праз трубачку ды займаецца лячэбнаю фізкультураю. Аляксандру выдалілі частку лёгкага. Каб цалкам аднавіцца, можа спатрэбіцца каля шасці месяцаў.

Аляксандр Пастухоў кажа, што крымінальнай справы за гэты час так і не распачалі. Таму ён звярнуўся па парады да праваабаронцаў.

Мaю прaвa
Дзіцячаму доктару закідаюць правапарушэнне, якога той не рабіў. Невінаватасць пацвярджаюць камеры відэаназірання
2020.09.11 20:05

У праваабарончым цэнтры «Вясна» пацярпелым надаюць комплексную дапамогу. Юрысты працуюць у цесным кантакце з псіхолагамі і валанцёрскімі ініцыятывамі. Але самае галоўнае – тут дапамогуць аформіць усе неабходныя дакументы, каб дабіцца расследавання справы і пакарання вінаватых.

«Трэба звяртацца ў Следчы камітэт з заяваю, таму што ў дачыненні асобы здзейсненае злачынства, – кажа прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка. – Ніхто сілаю прымушаць не будзе. Але важна разумець: сёння мы даруем гэта, заўтра стане яшчэ горш».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Праваабаронцы аб’ядналіся, каб бараніць грамадзянаў
  • Пра ролю і мэты – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Студэнты ВНУ патрабуюць пераменаў

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.