«Муж выйшаў у пад’езд і знік, калі прасавала пялюшкі ў радзільню на 40-м тыдні цяжарнасці!»

Алена засталася без мужа, цяжарная, без сродкаў для існавання, з пяццю дзецьмі на руках, калі мусіла ехаць нараджаць шостую дзяўчынку. І тады яна вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй.

Алена Валковіч. Фота: скрыншот відэа Belsat.eu

Алена Валковіч збірала рэчы ў радзільню, каб ехаць на планавую шпіталізацыю на 40-м тыдні цяжарнасці, калі муж выйшаў на 15 хвілінаў і так і не вярнуўся дахаты. Потым было 12 сутак болю, адчаю і надзеі. Ціснуў тэрмін аплаты па крэдытах. І Алена апынулася ў сітуацыі, калі не засталося грошай, каб нават схадзіць у краму па хлеб.

Невядомыя схапілі яе мужа Ігара, іх не спынілі нават ягоныя словы пра тое, што ў хаце засталася жонка, якая вось-вось мусіць нарадзіць, і пяцёра няпоўнагадовых дзяцей. Так здарылася з нашымі героямі, але ў такую сітуацыю можа трапіць кожны беларус.

«Тры дні яго не было ў адным са спісаў Акрэсціна! Шукалі з сябрамі, званілі ў Жодзіна, Баранавічы – яго нідзе не было. Я ўжо думала, што ён недзе ў лесапасадцы вісіць…» – узгадвае Алена.

Ігар Валковіч. Фота: скрыншот відэа Belsat.eu

«За кожнага з дзяцей далі па 2-е сутак, за шасцярых атрымалася – 12!» – горка жартуе Ігар.

Сужэнцу Алены Ігару зламалі плячо пры затрыманні, хаця ён не аказваў супраціўлення, а вызваліўшыся з турмы, ён трапіў на бальнічны. За апошні месяц Ігар Валковіч атрымаў 150 рублёў заробку. Сродкаў было недастаткова, каб сустрэць Каляды і Новы Год, але сям’я працягвала спадзявацца на цуды.

І недарэмна… Беларусы не кідаюць сваіх у бядзе. Нехта публічна, а нехта ананімна, гуртам – неабыякавыя беларусы зрабілі сапраўдны цуд для сям’і Валковічаў – здзейснілі мару Алены і стварылі свята для ўсёй яе сям’і!

Ігар, Алена Валковічы і 6 дзяцей. Фота: асабісты архіў герояў

Андрусь Такінданг: «Яны крычалі: Эфіоп, у арміі служыў?»

Гісторыя гурта «Рэха», музыкаў якога арыштавалі і кінулі за краты толькі за тое, што яны гралі для людзей на вулічных канцэртах.

Адзін з удзельнікаў гурта Леанід Паўлёнак успамінае: «Мы дзейнічаем прыгожа гуманна, а на нас ідуць з нажом і віламі, сілай і крывёй. Тое, што я перажыў за кратамі – было папросту пеклам».

Андрусь Такінданг. Фота: асабісты архіў

Андрусь Такінданг жа ўспрымаў свой арышт іначай: «Мне вельмі шкада тых, хто нас катаваў, бо яны жывуць у турме, нават калі не знаходзяцца ў ёй, нас любяць, падтрымліваюць і чакаюць – а іх не. Турэмшчыкі сварацца між сабой горш, чым на затрыманых».

Цяпер музыкі не маюць магчымасць шырока выступаць на публіку.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі або падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць публічна ці ананімна), – звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Больш матэрыялаў