Муж начуе ў машыне, жонка – на вакзале: суд выселіў пенсіянераў на вуліцу


Дом, у якім месцілася кватэра спадара Леаніда і ягонае жонкі, знеслі, але мужчына дагэтуль у ім прапісаны. Іншага жытла няма, пенсіянераў выселілі проста на вуліцу.

Кватэра была дзяржаўнаю, чарга на ўласную гэтак і не падышла, а ў прыватызацыі ім адмовілі. Потым дом пастанавілі знесці і забудоўнік вылучыў жыхарам новую кватэру наўзамен старое, але раённыя ўлады выступілі супраць.

Гэтую гісторыю ўскладняе тое, што маёмасць у сям’і ўсё ж была: Леанід атрымаў у спадчыну ад маці частку прыватнага дому. Але застаўся жыць у арэндавай кватэры, а частку дому падараваў жонцы Ніне. Потым гэты стары дом знеслі ды заплацілі за яго грашовую кампенсацыю, якую спадарыня Ніна цалкам аддала дзецям, а сама вярнулася да Леаніда ў арэндавую кватэру.

Праз нейкі час Леанід і Ніна дазналіся, што іх высяляюць. Калі ў сужэнцаў з’явілася спадчынная частка дому, яны, паводле закону, адразу страцілі права жыць у арэндавым жытле. Але пенсіянераў ніхто пра тое не папярэдзіў. Адпаведна, на новую кватэру ад забудоўніка яны не маюць права, як і на сацыяльнае жытло.

На судзе нават пракурор быў супраць высялення пенсіянераў, але суд пастанавіў інакш. Спадарыня Ніна прызнае, што зрабіла памылку, аддаўшы грошы родным. Яна прасіла ў суда хоць якое сацыяльнае жытло, каб не замінаць унукам у аднапакаёўцы. Адбылося ўжо восем судоў і паўсюль пенсіянерам адмовілі ў праве на жытло.

Падставы, паводле якіх могуць выселіць з дзяржаўнага жытла, не прапануючы іншага, прапісаныя ў жыллёвым кодэксе. Падрабязнасці – у сюжэце праграмы «Асабісты капітал» (відэа вышэй).

А гэта – праграма «Асабісты капітал» цалкам: