Музей мініяцюраў падрыхтаваў адмысловыя экскурсіі пра жанчын у беларускай гісторыі


Гераічныя ўчынкі, важныя для ўсёй краіны рашэнні і дзеянні – гаворым пра выбітных беларускіх жанчын. Хто яны? Як і на што ўплывалі? Наведала музей Вольга Чайчыц.

Ці дастаткова мы ведаем пра выбітных беларускіх жанчын? І якую ролю яны гралі ў беларускай і сусветнай гісторыі? Шукаць адказы мы прыйшлі ў музей «Краіна міні», дзе ў гэтыя дні праходзяць тэматычныя экскурсіі. Яна Калаша, экскурсаводка, распавядае:

«Адна з самых папулярных жанчын на тэрыторыі нашай краіны – гэта Барбара Радзівіл, якая ў свой час любіла наведваць Нясвіжскі замак. Лічыцца, што аднойчы, калі яна тут знаходзілася, яна сустракае польскага караля, звалі яго Жыгімонт Аўгуст. Лічыцца, што ён, пабачыўшы Барбару, закахаўся ў яе з першага позірку».

Працягвае расказваць адміністратарка Настасся Баркоўская:

«Якраз такая цудоўная нагода, вясна, 8 Сакавіка, мы вырашылі ўзгадаць усіх самых знакавых жанчын, якія жылі ці нейкі ўплыў аказвалі на нашыя беларускія землі. Таму ўсе сабраліся, вырашылі пашукаць нейкія цікавыя факты, інфармацыю».

Наведнікі дзеляцца ўражаннямі:

«З нашай гісторыі я ганаруся Еўфрасінняй Полацкай, якая ўжо ў тыя часы паказала, што жанчыны могуць несці веды, нешта вельмі карыснае, нешта вельмі якаснае. Але акрамя Еўфрасінні Полацкай я ганаруся простымі жанчынамі, маймі бабулямі, суседкамі».

«Прыходзіць [на думку] імя Уршулі Радзівіл, яна была звязана з тэатрам. Была, можна так сказаць, адной з першых беларускіх пісьменніц, якая таксама драматургіяй займалася. Магчыма, Александроўская, гэта ўжо бліжэй да нашых часоў, яна была спявачкай опернай, яе дзейнасць прыйшлася на перыяд вайны, што выявіла мужнасць яе характару».

Экскурсаводка Яна Калаша дадае:

«І, канечне, хацелася б упамянуць пра Ганну, жонку Вітаўта, якая ў свой час выратавала яго, захавала яму жыццё. У будучым ён сыграў вялізную ролю ў гісторыі нашай краіны. Цікава тое, што ў 14 стагоддзі тут знаходзіцца Ягайла, ён змагаўся за княжацкі сталец. Лічыцца, што ў час гэтай барацьбы ён затачыў у цямніцу гэтай вежы Вітаўта і хацеў яго забіць. Але як толькі Ганна даведваецца пра гэта, яна вырашае выратаваць мужа. Лічыцца, што яна прыдумала дастаткова цікавы план: яна незаўважанай прабіраецца на тэрыторыю замку і прыносіць Вітаўту ў цямніцу з сабой жаночую вопратку. Лічыцца, што яго пераапранулі і незаўважаным вывелі, а замест яго ў цямніцы пакінулі служанку».

Я сёння шмат цікавага тут знайшла. Наведаць экскурсіі можна яшчэ заўтра і паслязаўтра.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu