Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў


У пачатку ХХ стагоддзя Менск быў сапраўдным Вавілонам: тут жылі беларусы, расейцы, габрэі, палякі і прадстаўнікі іншых народаў. Патэнцыял, які яны мелі, зрэалізаваўся ў тых шматлікіх гадаванцах менскіх навучальных установаў, якія з розных прычынаў пакінулі горад назаўсёды, каб праславіцца за мяжою ды зрабіць свой унёсак у культуру іншых краінаў. Што ж гэта быў за горад, стары Менск?

У Менску нарадзілася і выгадавалася цэлая плеяда таленавітых мастакоў. Значную ролю адыграў у гэтым Якаў Кругер (1869–1940), з мастацкае школы якога выйшлі такія славутыя мастакі, як Міхаіл Кікоін (1892–1968), Хаім Суцін (1893–1943), Іван Ахрэмчык (1903–1971) і Заір Азгур (1908–1995).

Акрамя таго, у Менску пачыналі сваю мастацкую адукацыю геніяльны Фэрдынанд Рушчыц (1870–1936) і Уладзіслаў Страмінскі (1893–1952). Апошні стане класікам польскага авангарду з такім драматычным лёсам, што пра ягонае жыццё здыме фільм «Паслявіды» («Powidoki») славуты польскі рэжысёр Анджэй Вайда (1926–2016).

Менскія мастакі пераймалі сусветны досвед і мелі магчымасць выязджаць на навучанне ў Варшаву, Пецярбург і Парыж. Але ўсё гэта рухнула з выбухам Першае сусветнае вайны, а пазней – рэвалюцыі ды вайны грамадзянскай. Менскіх мастакоў раскідала па свеце: нехта апынуўся за мяжою, нехта застаўся ў Беларусі, цяпер ужо савецкай.

Кім жа былі тыя творцы ды як ставіліся да роднага Менску? Як выглядала мастацкае жыццё гэтага дзіўнага гораду, дзе суіснавалі розныя культуры? Над гэтымі пытаннямі паразважаюць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: Pawel Czerwinski