Паабяцаць мір на Данбасе прасцей, чым вырашыць унутраныя праблемы Беларусі


На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка не стрымліваўся ў заявах: былі і абяцанні дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт паміж Украінай і Расеяй, і палепшыць адносіны з ЗША. Вядучая праграмы «Размова тыдня» Святлана Калінкіна разам з гасцямі палітолагам Ігарам Драко ды кіраўніком полацкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Віктарам Стукавым абмеркавалі галоўныя падзеі тыдня.

Жаданне Лукашэнкі выйсці ў шырокі свет палітыкі абумоўлена ў першую чаргу тым, што ўсё цяжэй вырашаць праблемы на нацыянальным узроўні, упэўнены палітолаг Ігар Драко. Прапанова дапамагчы ва ўрэгуляванні ўкраінска – расейскага канфлікту – палітычны экспромт.

«Не думаю, што прынята стратэгічнае рашэнне ў аператыўна – аналітычным цэнтры ці ў нейкай радзе, што каля Лукашэнкі сядзіць. Проста: «Давайце вось гэта закінем». І закідваюць, – выказаўся палітолаг. – Лукашэнка занадта балбатлівы чалавек. Калі ён збіраецца на нейкія міжнародныя канферэнцыі, ён забываецца, што ён прыехаў не ў Віцебск, не ў Полацк, не ў Іўе».

Кіраўнік полацкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Віктар Стукаў зазначыў, што простым людзям увогуле не цікавыя тэмы, якія непасрэдна іх не тычацца. Кошты на бульбу куды больш актуальнае пытанне ў рэгіёнах, чым узаемаадносіны Беларусі, Украіны, Расеі і ЗША.

Таксама ў праграма «Размова тыдня» са Святланай Калінкінай і яе гасцямі палітолагам Ігарам Драко і кіраўніком полацкай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў Віктарам Стукавым:

  • Пацяпленне стасункам паміж Менскам і Вашынгтонам магчыма?
  • Ці ёсць шанц, што за парушэнне падатковага заканадаўства будуць толькі штрафаваць, а не даваць турэмныя тэрміны?
  • Як лёс закінуў супрацоўніцу полацкага водаканалу Наталлю Качанаву на пасаду кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта?
  • Чаму Полацк і Наваполацк на пэўны час засталіся без электрычнасці і вады?