Міністрам замежных спраў Брытаніі стаў эксцэнтрык


Навіна, што, як падаецца, знянацку заспела ўсіх: былога мэра Лондану і аднаго з галоўных лідараў кампаніі за выхад з Еўразвязу, эксцэнтрычнага Боўрыса Джонсана прызначылі на пасаду міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі. Гэта самае нечаканае з кадравых прызначэнняў новага брытанскага прэмʼера Тэрысы Мэй. Яно азначае, што менавіта Джонсан будзе весці перамовы з кіраўніцтвам Еўразвязу аб выхадзе Брытаніі з агульнаеўрапейскай прасторы.

БОЎРЫС ДЖОНСАН, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:

«Вялікі гонар, што мне прапанавалі такую магчымасць. У нас ёсць добрыя магчымасці, каб атрымаць выгады з новых дачыненняў з Еўропаю ды светам, і я рады, што мяне папрасілі паўдзельнічаць у гэтым».

Што праўда, нельга сказаць, каб Еўропа і свет падзялялі эйфарыю Джонсана. Міністр замежных справаў Францыі назваў новага калегу хлусам.

ЖАН-МАРК ЭРО, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ФРАНЦЫІ:

«Я не непакоюся пра Боўрыса Джонсана, але… цягам кампаніі ён шмат маніў брытанцам».

А міністр замежных справаў Нямеччыны адазваўся пра Джонсана крытычна яшчэ да ягонага прызначэння шэфам ведамства.

ФРАНК-ВАЛЬТЭР ШТАЙНМАЕР, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ НЯМЕЧЧЫНЫ:

«Цяпер людзі адчуваюць горкае расчараванне пасля таго, як неадказныя палітыкі спачатку давялі краіну да брэкзіту, а пасля адмовіліся ад адказнасці. Яны аддалі перавагу гульні ў крыкет. Шчыра кажучы, мне гэта падаецца абуральным».

Нямецкае выданне «Der Spiegel» называе еўраскептыка Джонсана «скандальным палітыкам». А амерыканская «Washington Post» адрэагавала падборкаю недыпламатычных выказванняў новага міністра. У артыкуле згадваецца пяцірадкоўе Джонсана пра турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана і казу, якое працытаваў і расейскі прапагандыст Кісялёў.

Разам з Джонсанам дамаўляцца пра брэкзіт будзе ветэран шэрагу еўраскептыкаў Дэйвід Дэйвіс – яго прызначылі міністрам у справе выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. А папярэднік Джонсана на пасадзе міністра замежных справаў, Філіп Гэманд, ачоліць Міністэрства фінансаў. Ён ужо выказаўся супраць дапаўнення да раней зацверджанага бюджэту.

ФІЛІП ГЭМАНД, МІНІСТР ФІНАНСАЎ ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:

«Я не думаю, што нам патрэбны надзвычайны бюджэт. Цягам лета мы будзем назіраць за сітуацыяй у эканоміцы, а восеньскае бюджэтнае пасланне рэпрэзентуем у звычайным парадку».

Гэманд змяніў на пасадзе канцлера дзяржаўнага скарбу Джорджа Осбарна, які сышоў у адстаўку. Як і былы прэмʼер Кэмэран, Осбарн быў за тое, каб застацца ў Еўразвязе.

А вось агітатара за брэкзіт Майкл Гоўва, які першым пасля рэферэндуму нечакана заявіў пра жаданне стаць прэмʼерам, Мэй не пажадала бачыць не толькі на пасадзе міністра юстыцыі, але, паводле Бі-БІ-СІ, і ўвогуле ў складзе свайго ўраду. Іншыя кадравыя прызначэнні Тэрысы Мэй чакаюцца найбліжэйшым часам.

Перамовы ж аб брэкзіце пакуль адкладаюцца: нягледзячы на імкненне Бруселю пачаць іх як мага хутчэй, новы прэмʼер дала зразумець, што спяшацца са зменамі не збіраецца.

МВ, «Белсат»