Мінархітэктуры пра будаўніцтва Астравецкай АЭС: Калі гэта праўда, то гэта – незаконна


Самая спрэчная АЭС у гісторыі. Больш міжнароднага розгаласу ў свеце, чым беларуская ядравая праграма, выклікала толькі іранская. Але Тэгеран міжнародная супольнасць падазрае ў распрацоўцы ядравай зброі. Пытанні ж да беларускай АЭС – выключна адносна бяспекі. Што выклікала занепакоенасць і наколькі яна абгрунтаваная? Дзе – факты, а дзе эмоцыі ды палітычны піяр?

Каб высветліць гэта, мы, у супрацы з міжнародным Цэнтрам расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці «OCCRP», аўтарам Панамскіх файлаў, выслухалі кожны з зацікаўленых бакоў і правялі ўласнае расследаванне непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы ў Астраўцы. Мы параўналі, як будуюцца станцыі ў іншых краінах і звярнуліся да міжнародна прызнаных адмыслоўцаў.

Перыядычныя здарэнні на АЭС, такія, як абрушэнне канструкцыяў ці гібель рабочых, выклікаюць шмат шуму ў прэсе. Улады кажуць – гэта, на жаль, неадʼемная частка любога працэсу будоўлі. Апаненты аспрэчваюць, маўляў, здарэнні сведчаць пра нядбайнасць і спех за кошт якасці. А як насамрэч? Ці датрымліваюцца пры будаўніцтве АЭС усе захады, патрабаваныя беларускім заканадаўствам для забеспячэння належнай якасці абʼекту?

Падрадныя працы на АЭС, за выключэннем субпадрадных, могуць выконваць толькі тыя арганізацыі, што маюць атэстат найвышэйшага – першага ўзроўню кваліфікацыі. Што азначае гэтая атэстацыя? Мы спыталіся намесніка генеральнага дырэктара «Белбудцэнтру« – падраздзелу Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, які займаецца атэстацыяй арганізацыяў.

«На першую катэгорыю, калі ў вас менш за 600 чалавек, вы прэтэндаваць не можаце. Мае значэнне і наяўнасць асноўных сродкаў. І яшчэ глядзіцца – на якіх абʼектах яны працавалі«, – кажа Валянцін Дзегалевіч, намеснік гендырэктара «Белбудцэнтру«.

Як выявіла нашае расследаванне, насуперак патрабаванням заканадаўства, атэстат першай катэгорыі на АЭС маюць ня ўсе падрадчыкі.

«У нас дзейныя атэстаты другой катэгорыі – на выкананне генпадрадных працаў. Ну, і цяпер мы знаходзімся ў стадыі атрымання першай катэгорыі«, – распавядае галоўны інжынер ААТ «Будаўнік« Аляксандр Тарнаповіч.

Як тлумачаць у «Белбудцэнтры«, калі арганізацыя не здолела атрымаць атэстат першай катэгорыі, гэта азначае, што ёй не хапае экспертызы – то бок, кваліфікаваных адмыслоўцаў, тэхнікі, і, што самае галоўнае – досведу складаных працаў. Давяраць такой арганізацыі абʼекты першай катэгорыі, можа быць рызыкоўна, і, перадусім, незаконна, тлумачыць Мінархітэктуры.

«Выкананне будаўніча-мантажных працаў без адпаведнага атэстату на абʼектах любога класу складанасці не дапускаецца. Гэта – указ прэзідэнта нумар 26«, – заўважае Валянцін Дзегалевіч.

Між тым, адкрытае акцыянернае таварыства «Будаўнік» працуе на АЭС з 2012 года і ўжо паставіла шэраг абʼектаў.

«Гэта вучэбнатрэніровачны цэнтр, насосная станцыя аўтаматычнага пажаратушэння, газавы корпус, сталовая. Гэта абʼекты, якія базуюцца непасрэдна на тэрыторыі атамнай станцыі. І дызельная станцыя«, – пералічвае Аляксандр Тарнаповіч.

Чытайце таксама:

Сталовая ды трэнінгавы цэнтр – аб’екты такога кшталту наўрад ці могуць спрычыніць ядравую пагрозу. А вось газавы корпус ды сістэма пажаратушэння, а асабліва дызельная станцыя – тут, на думку апытаных намі адмыслоўцаў, патэнцыйныя недахопы ў кваліфікацыі, могуць вызначальна паўплываць на бяспеку ў выпадку аварыйнай сітуацыі,

«Калі з гэтым нешта не спрацуе, то дызель не завядзецца. А значыць, аварыйнае сілкаванне рэактара ня ўключыцца. А калі яно ня ўключыцца, то рэактар перагрэецца. Расплавіцца актыўная зона і што будзе далей – ну, а што далей здарыцца, гэта – аднаму богу вядома«, – тлумачыць Георгій Лепін, ядравы фізік.

Якім жа чынам арганізацыя другой катэгорыі атрымала допуск да працы найвышэйшага ўзроўню небяспекі?

Адказвае Аляксандр Тарнаповіч:

«Калі пачалася асноўная фаза будаўніцтва атамнай станцыі, выйгралі тэндэр на шэраг абʼектаў і наўпрост заключылі кантракт з генпадрадчыкам расейскай кампаніяй і працуем«.

У Мінархітэктуры тлумачаць: хоць з канкрэтнай сітуацыяй яны не знаёмыя, але, паводле закону, такога не павінна было здарыцца.

«Калі ў цябе няма атэстату, то, пры правядзенні тэндэра, увогуле цябе ня выберуць на абʼект першага класу складанасці«, – адзначае Валянцін Дзегалевіч.

Каб даведацца, якое парушэнне на будаўніцтве самае сурʼёзнае, глядзіце відэа нашага расследавання (вышэй).

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu