Міліцыянты ўжылі болевы прыём, каб даведацца прозвішча падлетка


«Як хадзіць па вуліцах Берасця, каб міліцыя не паставіла на калені?» – з гэткім пытаннем дваццаць шэсць маці з абласнога цэнтру звярнуліся да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Жанчыны просяць чыноўніка патлумачыць і даць прававую ацэнку дзеянням міліцыянтаў, якія 25 сакавіка затрымалі ў цэнтры Берасця 14-гадовага падлетка. У «Гарачым каментары» – праваабаронца Раман Кісляк.

«Падлетак не ўчыніў ніякага правапарушэння. Прайшло паўгадзіны з моманту акцыі. Па сутнасці, усе людзі разышліся, хлопец ехаў на ровары. Адзінае, што захацелі зрабіць супрацоўнікі міліцыі – спыніць яго і высветліць ягоныя прозвішча, імя ды імя па бацьку. Каб ён назваў сваё прозвішча і месца жыхарства, ужылі фізічную сілу, па сутнасці, болевы прыём. Мы, праваабаронцы, кваліфікуем такія дзеянні як катаванні, бо хлопцу службовыя асобы даставілі моцны боль і пакуты, каб атрымаць пэўную інфармацыю», – заявіў Раман Кісляк.