Міхась Янчук: Цалкам «Спутнік і пагром» заблакуюць толькі раніцай 28 студзеня


Міністэрства інфармацыі, згодна з рашэннем суда, абмежавала доступ да прарасейскага прапагандысцкага парталу «Спутнік і пагром». Падставаю для такога рашэння стаўся шэраг артыкулаў на сайце, якія беларускі суд палічыў экстрэмісцкімі.

Ацэнку зместу артыкулам дала адмысловая Рэспублікаснкая экспертавая камісія, якая пацвердзіла наяўнасць у тэкстах парталу прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці, прапаганды перавагі або непаўнавартасці, на падставе нацыянальнай або моўнай прыналежнасці ды нават гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Беларусі. «Спутнік і пагром» – прарасейскі партал, аўтары якога найчасцей выказваюцца абразліва ў адносінах да Беларусі і часам нават ставяць пад пытанне існаванне беларускай нацыі ды патрабуюць анексіі нашай краіны Расеяй.

Рашэнне Міністэрства інфармацыі «Белсату» пракаментаваў намеснік старшыні грамадскага абʼяднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Міхась Янчук.

Рашэнне суду Цэнтральнага раёну Менску вынесена яшчэ 26 снежня мінулага года. 6 студзеня 2017 яно ўступіла ў сілу. Застаецца пытанне, чаму Міністэрства інфармацыі так позна 23 студзеня прыняло рашэнне, каб нарэшце заблакаваць гэты сайт.

Што датычыць таго, што гэты сайт яшчэ даступны для ўваходу з Беларусі з большасці мабільных тэлефонаў. Гэта звязана з выканаўчай працэдурай. Каб гэтае рашэнне ўвайшло ў жыццё, беларускае заканадаўства дае 4 дні. Толькі раніцай 28 студзеня гэты рэсурс павінен быць заблакаваны ўсімі правайдэрамі на тэрыторыі Беларусі.

Не можа не цешыць, што гэтыя адзінкавыя рашэнні зʼявіліся. Гэта нейкі пачатак таго, што павінна было быць зроблена даўно. Але артыкулы і «Рэгнума» і «Спутніка і пагрома», якія прыходзяць у Беларусь з замежных сайтаў і якія не вельмі папулярныя ў Беларусі, гэта не галоўны фронт інфармацыйнага і прапагандысцкага ўздзеяння інфармацыйных войскаў РФ на беларускі соцыум. Перадусім у беларускім эфіры знаходзяцца расейскія тэлеканалы. Тут «Белсат» робіць вельмі добрую працу тым, што робіць супрацьвагу гэтай хвалі прапаганды.

У беларускім заканадаўстве вельмі шмат сродкаў на тое, каб абмежаваць уплыў расейскага свету ў Беларусі. Пытанне толькі ў палітычнай волі сённяшніх гаспадароў краіны, каб яны пачалі бараніць інфармацыйную прастору ад непрыхаванай прапаганды.

Размову Юрася Салодкага з Міхасём Янчуком глядзіце ў «Гарачым каментары»

ДР belsat.eu