Міхаіл Грабоўскі: «Я навічок, я ўсіх здзівіў». Менскі ХК «Дынама» адтрэнаваўся ў Пінску


Менавіта старажытны Пінск быў выбраны для першага ў сёлетнім сезоне збору менскім хакейным «Дынама». Трэнерскі штаб «зуброў» выклікаў на трэнінгі каля 40 хакеістаў. Пакуль па-за межамі каманды застаюцца Міхаіл Карнавухаў, які аднаўляецца пасля аперацыі, а таксама Юнас Энрат і Стэфан Эльят, яны далучацца да асноўнай групы крыху пазней.

Два тыдні, што каманда была ў Пінску, атрымаліся вельмі прадуктыўныя, а для трэнерскага штабу яшчэ і даволі інфарматыўныя. Быў час прыгледзецца да хакеістаў, коўчы даведаліся пра фізічны стан дружыны, а таксама ўбачылі, у якой кандыцыі яны перабываюць.

На трэнінгу стварылі канкурэнтнае асяроддзе, хакеісты імкнуліся паказаць індывідуальныя навыкі, і безумоўна ўсе атрымалі шмат пазітыўнай энергіі. Пра першы этап рыхтавання і планы на будучыню нашай здымачнай групе ў эксклюзіўным інтэрв’ю распавёў легенда беларускага хакею, цяпер асістэнт галоўнага трэнера ХК «Дынама» Міхаіл Грабоўскі:

«Звычайны трэнавальны збор, шмат хакеістаў у гэтым годзе ў параўнанні з мінулым, але яны ўсе маладыя, таму збор праходзіць інтэнсіўна, хутка, з жаданнем. Ветэраны падказваюць, дапамагаюць моладзі, і насамрэч усе атрымліваецца здорава. У мяне ёсць свае, у галоўнага трэнера свае задумы, як павінны гульцы дзеяць на пляцоўцы, таму для мяне гэты сезон, як для некаторых маладых, першы!»

Цяпер «зубры» ужо ў сталіцы, і каманда ўпершыню гэтым летам выйшла на лёд «Менск-Арэны». Аднак не на галоўную яе пляцоўку, а на каробку канькабежнага стадыёну. Рэч у тым, што бела-блакітныя ўвесь час гулялі на «еўрапейскай пляцоўцы», шырыня якой складала 30 метраў. Цяпер ідзе яе перабудова, пасля якой матчы будуць праходзіць на гэтак званай фінскай, і шырыня ўжо складзе 28 метраў.

У выходныя «Дынама» адправіцца ў Ніжні Ноўгарад, дзе прыме ўдзел у турніры, а далей удома будзе рыхтавацца да Кубка Латвійскай чыгункі.

Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu