Метад працы айчыннай міліцыі: выдаць сябе за іншага


Метады працы айчыннай міліцыі ўсё больш нагадваюць метады махляроў, якія выдаюць сябе за іншых. У ноч на 7 траўня IT-кансультанта з Менску Глеба Рубанава людзі ў цывільным падманам выманілі на вуліцу, каб пратрымаць у ізалятары 30 гадзінаў на матрацы з клапамі.

Вось як апісвае падзеі пазамінулай ночы жонка Глеба на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»:

«Як гэта страшна – начныя званкі на хатні. Першая думка: нешта здарылася з Уладзікам. Потым высвятляецца, што нібыта нашую машыну пашкодзілі ў двары, просяць Глеба выйсці разабрацца. Насамрэч, стандартны ж развод ад мянтоў, але вось пайшоў… Не ведаю, што было б, калі б не выйшаў: у хату б ламіліся, перапужаўшы малога Лёву і Глебаву маму-інваліда? У выніку завезлі ў Савецкі РАУС».

А вось яшчэ адзін прыклад падману ад айчынных праваахоўнікаў. Месяц таму на менскім офісе «Белсату» прайшлі ператрусы. Каб трапіць у памяшканне, следчыя нават планавалі задзеяць балгарку. Журналіст Мікола Дзябёла распавёў:

«Прыкладна а 08:20 у офіс па дамафоне патэлефанавала жанчына, якая прадставілася супрацоўніцай ЖЭС. Яна заявіла, што ў памяшканні нібыта няма гарачай вады. Я адказаў, што праблемаў з вадой няма, і не пусціў яе. Праз дзесяць хвілін пачуўся грукат у дзверы. Праз вочка пабачыў людзей у масках… Натуральна, я не адчыніў. А ўжо праз некаторы час патэлефанавалі на асабісты тэлефон і паведамілі, што гэта – Следчы камітэт».

Дарэчы, падобнымі бруднымі метадамі айчынныя сілавікі летась карысталіся падчас затрыманняў нашых калегаў з парталу «Tut.by». Абрубалі інтэрнэт, глушылі тэлефонную сувязь, адрэкамендоўваліся суседзямі. Вось як тады апісваў ранішні візіт праваахоўнікаў журналіст Дзмітрый Бобрык:

«Каля 7-ай раніцы пачуў настойлівы званок у дзверы, потым грукат. Я позна лёг спаць і яшчэ не прачнуўся, таму не паглядзеў у вочка, спрасонку адамкнуў дзверы – там стаіць дзяўчына, а з-за ейнае спіны выбягаюць людзі ў форме».

Ну вось і пытанне – давяраць міліцыі пасля гэткага ці не давяраць? Пытанне адрасуем жыхарам Бабруйску.

А пра метады айчынных праваахоўнікаў паразмаўляем з праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам:

«Фактычна, калі мы разгледзім сітуацыю з Глебам, то гэта не проста парушэнні, гэта цэлы рад парушэнняў працэсуальнага характару, а нават, на мой погляд, рад парушэнняў крымінальнага кодэксу. Гэтыя дзеянні абсалютна непрафесіянальныя і накіраваныя выключна на правакацыю і спробу стварыць умовы, пры якіх можна было б вымусіць чалавека зрабіць нейкае парушэнне…»

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum