Менскі індзі-гурт «SnopSnoǔ» прэзентаваў свой першы альбом


Прэзентацыя адбылася ў клубе «Графіці».

Праца атрымалася надзвычай цікавая і прэтэндуе на тое, каб звацца найлепшым дэбютам гэтага года на беларускай незалежнай сцэне.

Музыкі кажуць, што кожны элемент – слова, эфект, паўза ды нота – у іхным альбоме «Танцпляц» уяўляе каштоўнасць. Яны не проста сабралі разам песні, якія мелі, а ўклалі іх у цэльную гісторыю, кажа музыка Сяргей Іваноў:

«Гэты альбом напалову канцэптуальны, крышачку сюжэтны, у яго аснову пакладзеная метафара пра людзей, якія існуюць напярэдадні канца свету. Яны яго чакаюць і яны вырашылі атрымаць асалоду ад апошніх дзён свайго жыцця. І вось пра гэта альбом. «Танцпляц» – гэта метафара таго месца, на якім яно ўсё можа адбыцца».

Свой першы канцэрт «SnopSnoǔ» далі ў чэрвені, а ўжо ў верасні зладзілі сольную прэзентацыю альбому. Сваю творчасць музыкі адносяць да індзі-року, разам з гітарамі выкарыстоўваюць сінтэзатары і сэмплеры. На думку музыкі Рамана Еляневіча, пры ўсёй эксперыментальнасці гурт імкнуцца захаваць мінімалістычнасць.

«Мы спрабавалі зрабіць у большай ступені мінімалістычны твор, каб можна было паслухаць кожны інструмент паасобку. І калі мы іх спалучаем усе разам, мы атрымліваем твор, які слухаеш у захапленні», – кажа Раман Еляневіч.

Апроч песень з альбому «Танцпляц», SnopSnoǔ выконвае ўжо і зусім новы матэрыял, яшчэ не зафіксаваны ў студыі. У найбліжэйшых намерах музыкаў – заявіцца на шэраг замежных фестываляў.

Іншыя тэмы:

Вуліца Кастрычніцкая – выспа альтэрнатывы для менчукоў.

Скарбы пана Завальні ды баль для шляхты.

Людвік Нарбут ды іншыя лідчане ў падзеях 1812-га.

Сяргей Будкін, Вольга Гардзейчык