Менск зарабляе. А што з рэгіёнамі?


За чвэрць стагоддзя няспынных перамогаў над народам і здаровым сэнсам да начальства пачало даходзіць, што нешта ідзе не так тэрытарыяльна. Менск расце з хуткасцю порхаўкі пасля дажджу, а вобласці, што на іхным расейскім канцылярыце завуцца рэгіёнамі, – не растуць, асабліва вёскі.

Найлепшым і найбольш зразумелым люстэркам росту мне падаюцца грашовыя прыбыткі насельніцтва. Калі чалавек багата жыве, звычайна не бегае ў пошуках лепшае долі.

Грашовыя прыбыткі насельніцтва па вобласцях і г. Менску ў 2018 годзе, млрд руб

Бачна, што жыхары Менску і Менскай вобласці маюць прыбыткі ўсяго на 6 мільярдаў меншыя за ўсю астатняю краіну. На гэтыя прыбыткі востраць зуб прадаўцы тавараў і паслуг, у тым ліку і такіх важных дзеля будучыні кожнага, як адукацыйныя, медычныя і прававыя паслугі. Ды і выбар тавараў някепскі.

Ёсць каму прапаноўваць, бо заробкі ў людзей някепскія: усё начальства, воінства вялікае, адмыслоўцы найлепшыя – усё ў цэнтр збеглася.

Аплата працы насельніцтва па вобласцях і г. Менску ў 2018 годзе, млрд руб

Калі паглядзець на заробкі, то разбежка яшчэ мацнейшая, чым па прыбытках наагул: жыхары сталіцы і яе ваколіцаў за сваю плённую працу атрымліваюць 23 мільярды рублёў на год, астатнія – 24.

Ёсць і такая цікавая акалічнасць: у Менску аплата працы складае 69,4 адсотка прыбыткаў, а ў Магілёўскай вобласці, напрыклад, усяго 60 адсоткаў.

За якія ж грошы землякі правадыра нашага жывуць? Ці то там пенсіянеры з інвалідамі засталіся, бо ўцячы няма сілаў, ці то бізнес квітнее? Зараз пабачым.

Графік 3: Прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці ды рэнта па вобласцях і г. Менску

То бачна на малюнку, што сапраўдныя прадпрымальнікі ў Менску і вакол яго і сапраўдныя ранцье там, на каторых ужо не людзі, а чысты капітал працуе.

Каб сумневу не было, пералічыў тое на душу насельніцтва: у Менску 1315 рублёў, а ў Магілёўскай вобласці – 650, роўненька ўдвая меней. Так што сядзяць там гаротнікі, крошкі з бюджэту дзяўбуць. Тое ж і наўкол.

Зразумела, што і пенсіянеры шмат якія менскія правінцыялам не роўня: персанальныя ды заслужаныя. Хоць калі з немцамі якімі параўнаць… Але не будзем. І так ясна.

Грашовыя прыбыткі ў разліку на душу насельніцтва па вобласцях і г. Менску

На саміх сябе палюбуемся, каб ніхто не казаў, што вобласці памеры і насельніцтва розныя маюць, параўнуем, колькі жывая душа мае.

Вось як яны выглядаюць, адрозненні – калі па навуцы, ніяк. Сапраўдныя ж рэгіёны: Палессе, Падняпроўе, Падзвінне мала па прыродзе падобныя, а вынікі аднолькавыя. Выбіваецца крыху Панямонне.

Здаецца, някепская краіна Беларусь, а за Еўропаю, дзе размяшчаецца, угнацца не можа. Бо кірунку ніхто не дае. Начальства ж нацыянальнай ідэі не мае, пра гаспадарчую стратэгію – памоўчвае. Людзі тым часам робяць хто што можа. Поспехаў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Эксперымент: студэнтка шукае здымнае жытло ў Менску
  • Купілі ў дзяржавы дом, зрабілі рамонт, а чыноўнікі забіраюць жытло назад
  • Фермеры пра праблемы ў сбыце прадукцыі

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў FacebookдыОдноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu