Менчукі ў палоне смеццявозаў. Як выратаваць сталічны мікрараён «Сосны»?


Штодзень на вуліцы Паўлоўскага праязджаюць сотні смеццявозаў. Дарога месціцца за некалькі метраў ад дамоў і дадае нямала клопату жыхарам вайсковага гарадка сталічнага мікрараёну Сосны.

І ўсё таму, што цяжкавікі вязуць смецце на палігон гарадскіх адкідаў «Трасцянецкі». У сярэдзіне сакавіка адбылася прэзентацыя праекту дэталёвага планавання Вольнае эканамічнае зоны «Менск», яе часткі «Радыян». І хоць кавалак дарогі на Паўлоўскага не трапіў у праект, на грамадскіх абмеркаваннях узгадалі і пра гэтую праблему. Жыхары хвалююцца, што праз пашырэнне прамысловае зоны аўтаў стане яшчэ больш.

Глядзіце сюжэт ад 16:55 хвіліны.

Іншыя тэмы праграмы «Маю права»:

Гомельскай журналістцы Ларысе Шчыраковай пагражаюць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў

Ларыса Шчыракова – вядомая гомельская журналістка і тэлеаператарка. За апошнія два гады яе 11 разоў прыцягвалі да адміністратыўнае адказнасці за незаконны выраб прадукцыі медыяў. І двойчы – за ўдзел у несанкцыянаваных масавых пратэстах.

Хоць там Ларыса выконвала свае прафесійныя абавязкі. Напэўна, каб застрашыць нашую каляжанку і спыніць ейную журналісцкую дзейнасць, улады пачалі пагражаць пазбавіць яе бацькоўскіх правоў і забраць сына Святаслава. Да родных Ларысы прыходзілі двое працаўнікоў міліцыі і праводзілі з імі прафілактычную гутарку.

Як Максім Філіповіч з відэаблогера ператварыўся ў народнага героя

Блогерства разам з журналістыкаю спрыяе свабоднаму распаўсюду інфармацыі. Але ж правы блогераў нідзе не рэгламентуюцца, што дазваляе ўладам без залішніх разваг ужываць свой карны механізм да гэтай групы асобаў.

За апошні час Максім Філіповіч з Гомля стаў адным з самых вядомых у краіне відэаблогераў. Ягоныя ролікі, прысвечаныя Дэкрэту № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве», набралі больш за мільён праглядаў. Ён фіксаваў на камеру «Маршы недармаедаў» у розных гарадах краіны. За гэта гомельскі суд завочна асудзіў спадара Філіповіча на 13 содняў арышту. Спецназ затрымліваў яго ў вёсцы Каранёўка, куды Максім прыехаў дапамагчы маці. Яна падхапіла справу сына і здымала на відэа затрыманне сына.

Мінакі пра тое, як размеркаваць грошы ад падатку на ўтрыманства

Каля 50 тысяч грамадзянаў сплацілі гэтак званы падатак на ўтрыманства. Агулам з іх сабралі больш за 8 мільёнаў долараў. Кіраўнік краіны заявіў, што грошы скіруюць толькі на патрэбы дзяцей. Мы запыталіся ў мінакоў: куды, на іхную думку, трэба накіраваць гэтыя мільёны?

Жыхары слонімскага інтэрнату атрымалі велічэзныя рахункі за электрычнасць

На першы погляд, слонімскі інтэрнат на вуліцы Берасцейская нічым не адрозніваецца ад суседніх будынкаў. Але з энергетычнага пункту гледжання гэта сапраўдная бездань.

За люты жыхары інтэрнату атрымалі жыроўкі з фантастычнымі лічбамі за электрычнасць – 600, 800 і нават 1000 кілаватаў. Раней жыхары плацілі паводле сваіх лічыльнікаў. Але шэсць гадоў таму будынак інтэрнату перадалі з балансу мясцовае Камвольнае фабрыкі слонімскаму Жыллёваму рамонтна-эксплуатацыйнаму ўпраўленню. Тады і пачаліся праблемы з камунальнымі плацяжамі.