Мексіканцы змагаюцца з забруджаннем вертыкальнымі садамі


Смог – першае, што бачаць турысты, падлятаючы на самалёце да Мехіка. Горш – людзям, што тут жывуць. Трафік 20-мільённага гораду і фабрыкі спараджаюць моцныя выкіды, з якімі тут змагаюцца інавацыйнымі спосабамі. Ужо не першы год у Мехіка вырошчваюць сады. Вертыкальныя – каб ашчаджаць месца.

ФЭРНАНДА АРТЫС МАНАСТЭР’Ё, ДЫРЭКТАР ПРАЕКТУ «VIA VERDE» («ЗЯЛЁНАЕ ЖЫЦЦЁ»):

«Мы не вырошчваем раслінаў у глебе – яны растуць у тканіне, якая мае адмысловую шчыльнасць, каб карані ў яе ўпляталіся. У кожнага шэрагу свая аўтаматычная сістэма паліву, якая ўключае і дажджавую ваду».

Мэта Фэрнанда Манастэр’ё і эколагаў з ягонай фірмы – 40 кіламетраў вертыкальных садоў. Расліны для цяперашніх дзесяці зялёных сценаў абіраюць самыя трывалыя – тыя, што не вянуць ад выхлапаў. Аднак нават іх трэба пільна даглядаць.

ФЭРНАНДА АРТЫС МАНАСТЭР’Ё, ДЫРЭКТАР ПРАЕКТУ «VIA VERDE» («ЗЯЛЁНАЕ ЖЫЦЦЁ»):

«Мы маем сістэму дыстанцыйнага маніторынгу, праз якую замяраем стан вады, святло, тэмпературу і пажыўныя рэчывы з кожнага слупка, каб дакладна ведаць іхны стан і гарантаваць аптымальныя параметры для развіцця расліннасці».

Змаганне з выкідамі ідзе не толькі зялёным фронтам. Пасля таго, як у 92-м годзе ААН назвала Мехіка «самым забруджаным горадам планеты», мексіканскі ўрад загадаў змяняць склад бензіну, а кіроўцам забаранілі ездзіць на аўтамабілях штодня. Больш за тое – закрылі цэлыя фабрыкі, якія забруджвалі наваколле.

Такую практыку варта было б пераняць Афганістану, Гане, Лівану, Егіпту і Бангладэшу – яны, паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, складаюць першую пяцёрку краінаў з самым забруджаным паветрам.

Напярэдадні ж абмежаванні трафіка, якія зменшаць забруджанне паветра ўлады, увялі ўлады Паўднёвай Карэі.

ХОНГ ДОНГ КОН, МІНІСТЭРСТВА НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ:

«Увялі правілы адносна старых дызельных рухавікоў – з новага года ў Сеуле яны будуць эксплуатавацца абмежавана».

У Пекіне, дзе ўзровень забруджвання паветра гэтай зімою некалькі разоў дасягаў крытычных адзнак, пайшлі яшчэ далей: толькі да канца 2016-га тут збіраюцца закрыць дзве з паловаю тысяч прадпрыемстваў.

Экалагічныя актывісты настойваюць на яшчэ больш рашучых кроках. Бо вядома, што, напрыклад, у Мехіка яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ад забруджанага паветра паміралі немаўляты, а людзі старэйшага ўзросту пакутавалі на змены ціску ды захворвалі на астму.

МВ belsat.eu