Медыкі без кватэраў. Усё ідзе сілавікам


Алена працуе медсястрой у цэнтры анкалогіі, муж – былы працаўнік МНС. З двума малымі дзецьмі жывуць на 18 квадратных метрах. Дзеці не маюць асобнага ложка, бо яго няма куды ставіць.

Нават дзіцячыя ровары ды самакаты трэба трымаць у пакоі, бо на калідоры забараняюць. У выніку месца хапае толькі на тое, каб раскласці дзве канапы для сну.

Гэтак жыве ў інтэрнаце сярэдні медычны персанал Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі і медычнай радыялогіі ў Бараўлянах. Ёсць блокі, дзе 7 асобаў жывуць у адным пакоі.

Алена 7 гадоў таму ўступіла ў будаўнічы кааператыў з надзеяй пабудаваць кватэру. Дзеці растуць, а пытанне з кватэрай не рухаецца з месца. Будаўніцтву жытла для супрацоўнікаў анкалогіі ўвесь час нешта замінае: то праекту няма, то пляцоўкі. За гэты час у наваколлі Бараўлянаў актыўна будаваліся сілавікі, паўстала багата камерцыйных і сацыяльных дамоў.

Новую пляцоўку анколагам вылучылі ў 2013 годзе ў пасёлку Ляскоўка, а праз год высветлілася, што паводле плану там – спартовая зона. Потым вылучылі нанова, але тут пачалося карэктаванне генплану Бараўлянаў, які не можа прайсці экалагічную экспертызу. Без яго праект адмаўляюцца падпісваць і Беларускі навукова-даследчы праектны інстытут горадабудаўніцтва, і галоўны архітэктар Менскае вобласці. Адначасова акурат праз дарогу будуюць інтэрнат і адсутнасць генплану гэтаму ніяк не замінае.

Калі так пойдзе далей, то медыкі згубяць пляцоўку: у лістападзе сканчаецца тэрмін асваення зямлі. Улады неаднойчы прапаноўвалі расфармаваць кааператыў, аднак для медыкаў з заробкамі 300-500 рублёў гэта адзіная магчымасць абзавесціся ўласным жыллём. У «гумовых» Бараўлянах і наваколлі будуюцца ўсе, акрамя працаўнікоў анкалагічнага цэнтру, якія штодня тут клапоцяцца пра цяжкіх хворых.

Глядзіце іншыя сюжэты праграмы «Асабісты капітал»: