Мацюкі і АМАП на трыбунах: як гулялі менскае «Дынама» і БАТЭ


Футбольны чэмпіянат Беларусі набліжаецца да свайго экватару. 14-ы тур у пятніцу адкрыла так званае беларускае эль-класіка – менскае «Дынама» супраць БАТЭ. Сіноптыкі абяцалі на дзень матчу аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны вецер і дождж. Але на полі ўзровень небяспекі вагаўся ад «жоўта-сіняга» да «бела-блакітнага».

Усё часцей можна сустрэць думкі, што супрацьстаянне Менску і Барысава ўжо не такое цікавае, як раней. Маўляў, «Дынама» ужо не тое, а БАТЭ мае новых прынцыповых канкурэнтаў у барацьбе за чэмпіёнства.

«Мне здаецца, што дэрбі «Дынама» (Менск) – БАТЭ ўжо сышло ў мінулае. З берасцейскім «Дынама» нашмат боль прынцыпова ў гэтым сезоне», – дзеліцца меркаваннем заўзятарка ФК БАТЭ.

Але так мяркуюць не ўсе.

«Класіка» заўсёды было «класіка». У любым выпадку «Дынама» і БАТЭ – гэта цікава. У першую чаргу для гледачоў», – мяркуе заўзятар ФК «Дынама» (Менск).

Барысаўцы забілі першымі – незадоўга да перапынку адзначыўся Ігар Стасевіч. На пачатку другой паловы гаспадары адказалі трапным стрэлам Дынка Трэбатыча. Напэўна, нічыя была б найбольш заканамерным вынікам гэтага двубою, але за 10 хвілінаў да заканчэння матчу БАТЭ ўсё ж вырваў перамогу. Міліч дабіў мяч у сетку пасля таго, як брамнік адбіў удар Максіма Скавыша. Досвед БАТЭ даціснуў маладосць «Дынама».

Максім Скавыш, нападнік ФК БАТЭ (Барысаў):

«Ну «Дынама» ж таксама добрая каманда. Чаму маладыя? У нас таксама не такая ўжо і старая каманда…»

Нягледзячы на прынцыповасць супрацьстаяння, футбалісты на полі паводзіліся адзін з адным карэктна і паважліва. А вось на трыбунах цягам матчу было горача. У пэўны момант гасіць жарсці давялося нават працаўнікам АМАПу.

Прыхільнікі абодвух клубаў не шкадавалі абразлівых выразаў у бок візаві. Выдаць у эфір большасць таго, што яны скандавалі, не дазваляе цэнзура. Галоўны трэнер ФК БАТЭ Аляксей Бага пасля матчу пракаментаваў паводзіны дынамаўскіх фанатаў досыць арыгінальна:

«Гэтыя ўсе фразы… Ужо якое дзесяцігоддзе… Хочуць яны, а атрымліваецца, што іх».

Каму асабліва дасталася ад «бела-блакітных» трыбунаў, дык гэта Станіславу Драгуну, які некалі быў зоркаю менскага «Дынама», але два гады таму перайшоў у БАТЭ.

«Тое, што ён сёння 90 хвілінаў імкнуўся забіць гол, дапамагаў камандзе, не звяртаючы ўвагі ні на што, без эмоцыяў, без футбольнага бруду… Перад ім варта зняць капялюш – ён вялікі прафесіянал», – дадае галоўны трэнер ФК БАТЭ (Барысаў) Аляксей Бага.

Тым часам трэнер «Дынама» (Менск) Сяргей Гурэнка ўнёс арыгінальную прапанову, як змагацца з брыдкаслоўем на трыбунах. Праўда, рэалізаваць яе ў беларускіх умовах будзе складана:

«Ну, калі поўны стадыён, ты ніколі не чуеш, што крычаць. Я па сабе памятаю – калі 30–40 тысячаў. Стаіць такі гул. Адны адно крычаць, іншыя – іншае. Будучы ўнутры, на футбольным полі, ты дакладна нічога не чуеш. Трэба, каб поўныя стадыёны збіраліся».

Але калі сабраць поўны стадыён не ўдалося нават на матч «Дынама» – БАТЭ, што ж казаць пра іншыя гульні 14-га туру. Напрыклад, на супрацьстаянне «Іслачы», якая дыхае ў спіну лідарам, і мазырскай «Славіі» прыйшлі менш за тысячу гледачоў.

Каманды перад вочным двубоем у нядзелю мелі серыі з трох матчаў без перамог. Вядома ж, абедзве жадалі іх перарваць. Пад канец першага тайму на свет быў народжаны дэбютны гол. Прычым абаронца гасцей зрэзаў мяч ва ўласную браму. Пасля перапынку Мамо Янсанэ падвоіў перавагу гаспадароў, і стала зразумела, што ў гэты дзень «Славія» зноў застанецца не толькі без перамогі, але і без пунктаў.

Хаця адзін мяч за лічаныя хвіліны да фінальнага свістка мазырчукі адгулялі. Але прыемных эмоцыяў гэта ім не надта дадало.

«У іх практычна ўдараў не было, а мы самі сабе забілі. Абаронца галавой «чыркануў» – 0:1. Нібы трохі лепш выглядалі, але сышлі на перапынак, саступаючы ў ліку. У перапынку сабраліся, хацелі адгуляцца… Але гэты гол вар’яцкі… пасадзіў нас на калені», – распавядае Радзівон Сямук, брамнік ФК «Славія» (Мазыр).

Матч супраць «Славіі» стаў развітальным для нападніка «Іслачы» Аляксандра Халадзінскага. Ён правёў у камандзе 10 гадоў – выступаў і ў другой лізе, і ў першай, і, вядома ж, у элітным дывізіёне, калі «ваўкі» у яго прабіліся. Але сёлета на поле не выходзіў – перашкаджалі траўмы, а магчыма, і рознагалоссе з трэнерскім штабам, на што пасля матчу намякаў галоўны трэнер Віталь Жукоўскі. Але сам Халадзінскі не выключае, што яшчэ вернецца ў стан клубу, якому аддаў значную частку жыцця:

«Я працягваю карʼеру і, магчыма, у наступным годзе я вярнуся да «Іслачы». Так што нічога не здарылася. Я ўдзячны ўсім, хто працаваў са мной у «Іслачы». Калісьці я яшчэ сюды вярнуся. Прапановы былі трэнерам застацца, але я хачу яшчэ пагуляць».

Лідарам турнірнай табліцы пасля 14-га туру застаецца берасцейскае «Дынама», якое дагэтуль не саступіла ў 2019 годзе ніводнага матчу. Гэтым разам клуб з захаду Беларусі прывёз перамогу з Віцебску. А вось салігорскі «Шахцёр» ледзь не страціў пунктаў у напружаным двубоі з футбольным клубам «Менск». «Гарнякі» вырвалі перамогу толькі ў дадатковы час дзякуючы пенальці.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu