Маці баскетбольных зорак і адданы бубнач. Як заўзелі за «Цмокаў» у Кубку ФІБА


Сёлета трапіць у баскетбольную Лігу чэмпіёнаў менскім «Цмокам» зноў не ўдалося. Таму еўракубкавая восень будзе складацца з гульняў ніжэйшага паводле ранжыру Кубка ФІБА. На групавым этапе «Цмокі» маюць у суперніках ажно два клубы з Украіны – «Дняпро» і «Кіеў-Баскет». Але спачатку – балгарскі «Леўскі».

Перад спатканнем з ім менскія баскетбалісты тройчы запар саступілі ў Лізе ВТБ. У супернікаў статыстыка была супрацьлеглая – тры перамогі ў нацыянальным першынстве.

Эдмундс Валейка, асістэнт трэнера «Цмокаў»:

«Цяжка параўноўваць Лігу ВТБ і чэмпіянат Балгарыі. «Леўскі» перад сезонам перамог у Суперкубку «Балканы» – вядомую, добрую каманду. «Леўскі» – гэта не ўзровень балгарскага чэмпіянату, яны нашмат мацнейшыя».

Але ў двубоі з «Цмокамі» балгары не выглядалі занадта пагрозліва. У першай чвэрці яны дазволілі гаспадарам сысці ў адрыў, які так і не здолелі скараціць да канца матчу. У Лізе ВТБ у «Цмокаў» пакуль не ладзіцца, аднак старт Кубка ФІБА атрымаўся ўпэўнены – 81:68. «Леўскі» пакідае Менск у кепскім настроі.

Максім Салаш, форвард «Цмокаў»:

«Трэба заўсёды пачынаць упэўнена. Яшчэ і ўдома гулялі. Свая пляцоўка, заўзятары. Трэба было добра пачаць гэты сезон».

Дарэчы, пра заўзятараў. Іх на трыбунах «Falcon Club Арэны» было не так шмат, бо матч пачынаўся ў не надта зручны час. Але нам удалося адшукаць сярод іх цікавых герояў, як, напрыклад, Антон Валуеў, які падтрымлівае «Цмокаў» больш за 10 гадоў і гуртуе вакол сябе фан-сектар:

«Па-мойму, я на фан-сектары з 2008 года. Пабачыў рэкламу, прыйшоў на фан-сектар. Стаў бубначом. У нас бываюць выезды. Збіраемся ў Кіеў, нядаўна былі ў Маскве на ЦСКА», – кажа Антон Валуеў, фанат «Цмокаў».

На іншай трыбуне нашую ўвагу прыцягнулі дзве жанчыны. Яны занялі свае месцы ледзь не першымі з усіх гледачоў. Аказалася, адная з іх – маці вядомых беларускіх баскетбалістаў.

Ларыса Мешчаракова і Тамара Алексіна:

– Я – мама Ягора Мешчаракова і Мікіты Мешчаракова.

– А я – жонка трэнера ейных хлопцаў.

– Таму мы звязаныя па жыцці!

Мы папрасілі спадарынь Ларысу і Тамару паразважаць, як складзецца для «Цмокаў» новы сезон:

«Цяжка. У Кубку ФІБА лягчэй будзе, а ў Лізе ВТБ будзе складана, там каманды моцныя. Хаця сёлета і ў нас каманда добрая. Хуткасці набралі добрыя».

Ужо неўзабаве – у суботу – «Цмокаў» чакае выпрабаванне магутным казанскім УНІКСам у Лізе ВТБ. Пакуль праўда клуб з Татарстану не набраў найлепшай формы і месціцца ў сярэдзіне табліцы. А пасля «Цмокі» скіруюцца ва Украіну, дзе сустрэнуцца з «Дняпром» у сваім другім двубоі Кубка ФІБА.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu