Марціновіч: Каб пісаць прозу, трэба мець штодзённы кантакт з мясцовым абсурдам


Адзін з самых папулярных аўтараў сучаснай беларускай літаратуры Віктар Марціновіч стаў госцем праграмы «Размова дня» з Усеваладам Сцебуракам і распавёў, чаму ў Беларусі няма масавай беларускамоўнай літаратуры, чаму пісьменнік павінен быць пакрыўджаным і чаму Уладзімір Някляеў адносіцца да самай трагічнай генерацыі беларускіх аўтараў.

Днямі Віктар Марціновіч прадставіў свой новы раман «Ноч». Каб набыць кнігу з аўтографам аўтара, чытачы па некалькі гадзін стаялі ў чарзе. Цікавасць да творчасці пэўных аўтараў – добрая навіна, але гэта не мяняе агульнае становішча беларускай літаратуры, упэўнены пісьменнік.

«80% краіны проста не разумеюць, дзе яны жывуць. Яны проста думаюць, што яны жывуць у Расеі ці недзе ў Савецкім Саюзе. Таму яны чапляюцца за класікаў савецкіх і думаюць, што сёння яны нікога і нічога не бачаць. Яны не разумеюць, што ёсць такая краіна Беларусь», – выказаўся Віктар Марціновіч.

Пры гэтым аўтар адзначыў, што сам не жадае шукаць больш удзячных чытачоў у іншых краінах, хоць яго кнігі паспяхова перакладаюцца.

«Каб пісаць прозу, трэба мець штодзённы кантакт з мясцовым абсурдам. Таму што менавіта абсурдам мы ўсе тут жывем. Таму што менавіта абсурд, наша дзікунства цудоўнае, такое чароўнае яно і складае наша адрозненне ад іншых культур. І мы яго ўспяваць мусім. І мы ад яго пакутаваць мусім», – зазначыў Марціновіч.

Фота вокладкі: Вікторыя Гамалінская