Малавядомы айсшток. Від спорту, у якім беларусы ўжо паказваюць вынікі


Айсшток – новы для Беларусі від спорту, які актыўна развіваецца ў нашай краіне апошнія гады. Давайце дазнаемся, што гэта за гульня, і якія ў яе перспектывы.

У Заходняй Еўропе ў гульню, што ўзнікла ў Аўстрыі, бавяцца ўжо некалькі стагоддзяў. Беларусь у гэтым каманднымі відзе спорту робіць першыя крокі. У айсшток можна гуляць круглы год – на лёдзе, бруку ды асфальце.

Мікалай Калядзіч, гулец каманды «Рэальны Брэст»:

«Большасць турніраў праводзяць на бруку ці асфальце, бо гэтак менш выдаткаў. Арандаваць лядовы палац дастаткова дорага, таму асноўную масу турніраў ва Усходняй і Заходняй Еўропе праводзяць на бруку ці асфальце. У Заходняй Еўропе выкарыстоўваюць адмысловы склад асфальту, які паводле ступені слізгацення дастаткова пэўны. У нас у Горадні і Менску на асфальце больш жорсткае пакрыццё, адпаведна, ступень слізгацення цяжэйшая, трэба прыкладаць больш высілкаў для кідка штока на адлегласць да 30 метраў».

Гэты спорт падобны да кёрлінгу ці боўлінгу. А галоўная мэта – патрапіць у дом: паставіць шток бліжэй да шайбы. А калі патрэбна – выбіць снарад праціўніка, каб свой апынуўся каля той самай шайбы.

Алена Гаронькіна, гулец зборнай Беларусі па айсштоку:

«Спорт гэты насамрэч даволі цікавы, хаця на першы погляд ён можа здацца пасіўным, але гэта раўназначна рулетцы, шахматам. Тут ёсць і лагічныя камбінацыі, тактыкі, выбіванні, пастаноўкі. Гэтым ён мяне і вабіць. Гуляю ўжо пяць гадоў, гэта магчымасць падарожнічаць, заводзіць новых сяброў у розных краінах».

У Беларусі айсшток з’явіўся ў 2009 годзе, актыўна развіваецца з 2013-га, калі ў Берасці пабудавалі пляцоўкі для гульні. Сёння ў Беларусі ў яе гуляюць яшчэ ў Горадні і Менску. Беларускія спартоўцы ўжо бралі ўдзел у чэмпіянатах свету і Еўропы, матчах Лігі чэмпіёнаў. Адная з лідарак зборнай Беларусі, Алена Гаронькіна, адзначае, што ў свеце беларускія зборныя выглядаюць няблага, хаця зорак з неба пакуль не хапаюць:

«У Італіі праходзіў чэмпіянат свету, нашая жаночая каманда заняла першае месца ў групе В, тым самым мы сабе забяспечылі месца ў вышэйшай лізе ў групе А і цяпер бяром удзел у вышэйшай лізе. Мы займаем далёка не апошнія месцы. Канечне, не лідарскія, нам ёсць да чаго імкнуцца. Найлепшыя гульцы – гэта Аўстрыя, Нямеччына ды Італія, але мы да іх імкнёмся і ўжо гуляем у вышэйшай лізе».

У Беларусі айсшток развівацца больш актыўна, чым у суседняй Польшчы: клубаў там меней і нават няма ўласнай федэрацыі.

Анджэй Корбаль, гулец каманды Тэрэспаль, Польшча:

«Беларусь даўжэй гуляе, вы маеце такія цэнтры, як Берасце, з добрымі пляцоўкамі для гульні, Менск, Горадня. Думаю, што ў Беларусі айсшток развіваўся лепш, магчыма, дзякуючы зацікаўленасці ў гэтым трэнера Уда Райхэнэкера».

Нямецкі адмысловец Уда Райхэнэкер сур’ёзна паўплываў на развіццё беларускага айсштоку. Дзякуючы яму, нашыя каманды едуць выступаць у Еўропу, а ў Беларусь рэгулярна прыязджаюць каманды з Нямеччыны. Уда Райхэнэкер, супервайзер ва Усходняй Еўропе:

«10 гадоў таму Беларуская федэрацыя айсштоку падала заяўку і запрасіла трэнера з Нямеччыны, каб у Беларусі зʼявіўся такі від спорту. Маім заданнем было займацца дзецьмі, трэнерамі ды арганізацыйнымі пытаннямі. За апошнія гады Беларусь дасягнула добрага выніку і займае 6-7 месца ў свеце».

Айсшток – даступны від спорту, хаця новы набор для гульні каштуе прыблізна тысячу еўраў, але можна гуляць і старым абсталяваннем, так робіць бальшыня беларускіх камандаў. Мікалай Калядзіч, гулец каманды «Рэальны Брэст»:

«На сёння ў Берасці новага абсталявання практычна няма. Усё абсталяванне ўжыванае, але яно прыдатнае да гульняў на ўнутраных турнірах і турнірах Усходняй Еўропы. Для гульняў у цэнтральнай Еўропе ў Італіі, Нямеччыне ды Аўстрыі пажадана мець больш новае абсталяванне, бо гэта прэстыж каманды і гэтак далей».

Аматары айсштоку спадзяюцца, што іхную гульню ў хуткім часе ўлучаць у праграму алімпійскіх гульняў, так гэты від спорту пачне развівацца значна хутчэй.

Алесь Ляўчук, belsat.eu