Максіму Багдановічу ўсталявалі новы памятны знак пад Магілёвам


Жыхары паселішча Малая Бароўка, што ў межах Магілёва, усталявалі памятны знак Максіму Багдановічу на вуліцы імя класіка. Фінансаванне на помнік збіралі ўсёй вёскай, людзі ахвотна ахвяравалі, а выканаўцы для добрай справы адмаўляліся браць грошы за свае паслугі.

«Мы бралі ўдзел у гэтым, і я вельмі рады, што на маёй вуліцы ёсць цяпер памятны знак Максіма Багдановіча».

«Чалавек дастойны, сын беларускага народу».

«Паэт, пісьменнік, шмат усяго сачыніў…»

Зыніцыяваў акцыю Уладзімір Пухоўскі, гадавальнік раслінаў, чыю краму «Зялёны рай» магілёўцы цэняць за нацыянальны каларыт. Тым часам ужо на наступны дзень табліца з выяваю Пагоні з багдановічскага каменя знікла. Распавядае Уладзімір Пухоўскі:

«Не ўсім даспадобы аказалася табліца, не ведаю толькі, каму».

Табліца змяшчала таксама радкі з вершу паэта «Пагоня», але, каб захаваць помнік, ініцыятары вырашылі надпіс перарабіць. Без афішавання сапраўдных прычынаў. Уладзімір Пухоўскі прыгадвае:

«Ой, пыталі людзі, дзе дзелася шыльда, чаго знялі, дык не ведалі, што адказаць, то адказалі, што зробім новую, прыгажэйшую».

Цяпер на каменю новая табліца – з партрэтам Максіма Багдановіча і ўрыўкам з санету «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». Жыхары ж здагадваюцца, чаму табліца змянілася, і без тлумачэнняў:

«Гэта цэнзура, гэта адназначна цэнзура, бо быў герб Пагоня».

Памятны знак, усталяваны на самым пачатку вуліцы імя Максіма Багдановіча, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Жыхары вуліцы вельмі ганарацца помнікам і ведаюць, што камень спрычыніцца да большай папулярнасці паэта-рамантыка ды ягоных вершаў.

Глядзіце таксама:

Пабачыў свет поўны збор твораў Уладзіміра Дубоўкі.

У беларускай русалкі – добрыя вочы.

Ежа як мастацтва: віртуальныя матылі і карпы казычуць наведнікаў у японскім рэстаране.

Вольга Гардзейчык, Валерыя Уласік belsat.eu