Мадура шукае выйсце з крызісу і працягвае вінаваціць «ворагаў»

[vc_row][/vc_row]

Венесуэльскі нафтавы сацыялізм выратуюць толькі рынкавыя рэгуляцыі кошту на чорнае золата. Прынамсі да такога штучнага павышэння цэнаў на нафту заклікае Нікаляс Мадура.

Не стае валюты, за найбуйнейшую купюру ў краіне можна купіць хіба што адное яйка, на паліцах крамаў цяжка знайсці самыя элементарныя спажывецкія прадукты. Усё гэта ў краіне, што можа пахваліцца найбуйнейшымі запасамі чорнага золата ў Паўднёвай Амерыцы і шостымі ўва ўсім свеце. Тым не менш, паводле прэзідэнта Мадура, тое, што адбываецца ў Венесуэле, гэта цуд

«Дазвольце патлумачыць, што азначае экспартны дэфіцыт у 87 % выкліканы падзеннем коштаў на нафту для нашай краіны! Мы зарабілі больш за $ 5 млрд, не закрылі ніводнай школы, ніводнага ВНУ і не змянілі пенсійную сістэму. Мы працягваем будаваць дамы і бʼем новыя рэкорды. Гэта цуд! Цуд Госпада, цуд рэвалюцыі, цуд нашага народу», – упэўнены Нікаялс Мадура.

І ў падтрыманне гэтага рэвалюцыйнага цуду Мадура ўчора абвесціў пра павышэнне мінімальнага заробку адразу на палову – цяпер гэта больш за 63 тыс. балівараў – каля $ 90 паводле афіцыйнага курсу. Разам з гэтым венесуэльцаў чакала менш прыемная неспадзяванка.

«Цыбуля на мінулым тыдні каштавала па 1300 балівараў за кілаграм, а сёння – ужо 2500! Кошты растуць надзвычай хутка, я ўжо не кажу пра памідоры», – заўважае жыхар Каракасу.

Мясцовыя эканамісты хапаюцца за галаву: нічым не падмацаваны скок у коштах можа дабіць венесуэльскую эканоміку.

«Прадпрымальнікі будуць вымушаныя адрэагаваць на гэтае павышэнне. Яны мусяць павышаць кошты, асабліва на дэфіцытныя прадукты. Гэта будзе азначаць выбух інфляцыі ў краіне», – адзначае эканаміст Анхэль Гарсія.

Уласна «несумленныя прадпрымальнікі», разам з апазіцыяй і коштамі на нафту, паводле венесуэльскага лідара, вінаватыя ва ўсіх праблемах. Але Мадура ўжо заяўляе, што знайшоў выйсце. Каракас заклікаў усе краіны-сябры АПЭК скараціць здабычу нафты і сустрэцца на адмысловым паседжанні, каб выпрацаваць супольную стратэгію. Цяпер венесуэльскі лідар чакае адказу і звяртаецца да сваіх палітычных апанентаў:

«Нішто і ніхто не спыніць мяне перад выкананнем маіх абавязкаў – гэта пытанне сумленнасці. Я пакляўся гэта рабіць перад народам Венесуэлы і зраблю ўсё, што неабходна, каб падкрэсліць сваю гатовасць служыць людзям!»

Гэтак Мадура адказаў на спробу парламенту адхіліць яго ад прэзідэнцкае пасады на мінулым тыдні. Вярхоўны суд краіны неадкладна прызнаў незаконнай спробу імпічменту. А Мадура ў якасці дэманстрацыі сваёй рашучасці правёў буйныя вайсковыя вучэнні, дзеля, цытата, «павышэння абароназдольнасці сацыялістычнае Радзімы перад імперыялістычнай пагрозай!. Прэзідэнт падкрэсліў, што ворагі ў Венесуэлы існуюць не толькі за межамі, але і ўнутры самой краіны.

Чытайце таксама:

Больш матэрыялаў

Два месяцы пратэстаў у Венесуэле. Прэзідэнт не збіраецца сыходзіць

Дыктатар, наркадылер, шпіён ЦРУ. Памёр Мануэль Нар’ега

«Калі нехта кажа, што немцы кепскія, не трэба перакладаць літаральна». Трампа не разумеюць у Еўропе

Як Манчэстэр перажывае трагедыю з выбухам

У Вялікай Брытаніі ўвялі «крытычны» узровень тэрарыстычнай небяспекі

Жыхары Манчэстэру пускалі да сябе на ноч тых, хто не мог вярнуцца дадому

Трамп на Блізкім Усходзе: міратворац і гандляр зброяй

Штаб Трампа падчас выбарчай кампаніі кантактаваў з Крамлём 18 разоў