Мабільны тэлефон «здае» свайго ўладальніка?


Нам толькі падаецца, што мы прымаем самастойныя рашэнні і можам схавацца ад усяго свету? У эксперта праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» у галіне лічбавых свабодаў Аляксея Казлюка ёсць дрэнная навіна для тых, хто думае, што сучасны чалавек цалкам незалежны ў сваіх думках і перамяшчэннях. Чаму? Шукайце адказ у праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам.

Пасля выбараў прэзідэнта ў Злучаных Штатах Амерыкі аналітыкі ўпэўніліся: пры жаданні не складана маніпуляваць грамадскаю думкай з дапамогаю сацыяльных сетак і персанальных звестак.

«Адзін і той жа кандыдат можа розным людзям у залежнасці ад іхных поглядаў у тым жа «Facebook» паказваць розную рэкламу. Адным, напрыклад, паабяцае спыніць незаконную міграцыю, а іншым будзе распавядаць пра планы дапамогі людзям, якія прыбываюць у краіну. Калі раней мы ехалі на аўце і праязджалі міма білборда, на якім адзін кандыдат кажа адзін лозунг, а на наступным – гэты ж кандыдат будзе з іншым лозунгам, то мы бачылі маніпуляцыю. У сацыяльных медыях адсачыць гэта вельмі складана», – распавёў Аляксей Казлюк.

Чым больш нашых звестак у сеціве, там прасцей намі маніпуляваць. Дадзеныя могуць трапіць у рукі злачынцаў, махляроў. Але часцей за ўсё нашымі персанальнымі звесткамі карыстаюцца гандлёвыя сеткі ды палітыкі.

«Досвед таталітарных рэжымаў паказвае: першае, што робіць дзяржава перад тым, як пачынаць душыць любую грамадзянскую актыўнасць, гэта збірае максімум інфармацыі аб кожным з нас. На наступным этапе мы бачым пагрозу з боку бізнесу», – тлумачыць эксперт.

Якім чынам нацыянальнае і міжнароднае заканадаўства павінныя абараняць нас ад маніпуляцыяў, чаму немагчыма «знікнуць з радараў», калі вы маеце мабільны тэлефон – глядзіце ў праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і праваабаронцам, экспертам у галіне лічбавых свабодаў Аляксеем Казлюком.