Мабільны аператар Венесуэлы рассылаў СМС з заклікамі выходзіць людзей на вуліцу


Камунальныя службы Каракасу не паспяваюць прябіраць горад пасля дэманстрацыяй, як распачынаюцца новыя. Пратэсты будуць узмацняцца, лічыць эксперты, бо без росту коштаў на нафту краіну чакаюць цяжкія часы.

Беларусь і Венесуэла захоўваюць узровень стратэгічнага партнёрства, кажа амбасадар Баліварыянскай рэспублікі ў Сінявокай Хасэ Бах’яна. На думку дыпламата, нашыя краіны паспяхова супрацоўнічаюць у палітычнай і эканамічнай сферах. Зважаючы на тое, што цяпер адбываецца ў Каракасе, словы Бах’яна гучаць хутчэй як жарт. Венесуэла застаецца на парозе гуманітарнае катастрофы, а кіраўнік краіны Нікаляс Мадура – за крок ад рэвалюцыі.

У Каракасе працягваюцца акцыі пратэсту, горад паралізаваны дзясяткамі тысячаў удзельнікаў супрацьстаяння прэзідэнта і апазіцыйнага яму парламента.

Сілавікі пакуль, як і абяцалі тры дні таму, выказваюць поўную лаяльнасць прэзідэнту Нікалясу Мадуры. Аднак палітычныя назіральнікі нагадваюць, падчас апошніх парламенцкіх выбараў раёны, заселеныя вайскоўцамі, актыўна галасавалі за апазіцыю. І краіна ўжо мае традыцыю вайсковых пераваротаў. Але калі на гэтым фронце пакуль зацішша, да барацьбы з прэзідэнтам далучыўся буйны бізнес. Сотавы аператар Movistar Venezuela рассылаў учора СМС-паведамленні з заклікамі выходзіць на вуліцы.

«Я асуджаю дзеянні Movistar Венесуэла і ўжо загадаў правесці расследаванне, таму што кампанія прыняла ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту ў гэтай краіне, і гэта не яе праца. Movistar павінен ведаць, што гэта не іх праца», – заявіў Мадура.

Загад разабрацца Мадура даў і ў справе свайго галоўнага апанента – губернатара штату Міранда Энрыке Капрылеса. Апазіцыянер раней абвінаваціў улады ў забойстве двух студэнтаў – удзельнікаў маршаў пратэстаў.

«Дыктатар хоча падзяліць краіну і дэлігітымізаваць барацьбу венесуэльцаў, – лічыць Капрылес. – Але, як і заўсёды, яму гэта не ўдасца».

У «Тўітары» Энрыке Капрылес назваў прэзідэнта «паталагічным хлусам». А сярод умоваў спынення маршаў палітык пералічыў правядзенне датэрміновых выбараў, вызваленне палітычных вязняў і адкыццё каналаў для гуманітарнае дапамогі. Пры такой тэмпературы падзеяў магчымасцяў для мірнага дыялогу паміж Мадура і парламентам амаль не застаецца. Разумеюць гэта і ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

«Мы заклікаем урад Венесуэлы і апазіцыю зрабіць усё магчымае, каб аднавіць дыялог, асабліва вакол найважнейшых пытанняў. І дамовіцца ў справе балансу сілаў паміж галінамі дзяржаўнай улады, выбарчага календара, правоў чалавека, і па пытаннях сацыяльна-эканамічнае сітуацыі», – заявіў прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык.

Як бы не развіваліся падзеі далей, без павышэння коштаў на нафту – асноўнага экспартавага тавару – краіну чакаюць цяжкія часы. Паводле падлікаў Міжнароднага валютнага фонду, у 2018 годзе ўлады Венесуэлы, кім бы яны не былі, сутыкнуцца з гіперінфляцыяй у 750 % і ростам коштаў у 2000 %, без працы ж можа застацца амаль кожны трэці венесуэлец.

Ігар Кулей