«Людзі на вуліцах паміраюць ад удушша». У Сірыі ўжываюць хімічную зброю


У выніку газавай атакі ў сірыйскім горадзе Хан Шайхун загінулі больш за 60 асобаў.

Спачатку Сірыйскі цэнтр маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (Лондан), паведаміў пра 35 ахвяраў, аднак, паводле інфармацыі медычныя службы, іх колькасць расце.

«Гэтыя пацыенты маюць яўныя прыкметы фосфарарганічнай атакі, – заяўляе доктар-валанцёр Шаюль Іслям. – Больніца перапоўненая пацыентамі, якія пацярпелі ад нейкага хімічнага рэчыва. Гэта не хлор, мы не адчуваем паху хлору».

Відавочцы: Авіяўдар нанеслі ўрадавыя войскі

У той жа час інфармацыйны партал «Orient News», які падтрымлівае сірыйскую апазіцыю, паведаміў пра больш як 40 загінулых: «Самалёты аль-Асада нанеслі тры авіяўдары. Падчас аднаго з іх ужываўся атрутны газ. Сімптомы, якія мы бачым, не выкліканыя атручваннем хлорам – пацярпелыя пускаюць сліну. У нас дагэтуль каля 100 параненых і шмат з іх затрымаліся пад абломкамі».

Сірыйскія ўлады пагадзіліся знішчыць хімічную зброю ў 2013 годзе, аднак пазней ААН у ходзе расследавання выявіла як мінімум тры факты выкарыстання хімзброі ў 2014 і 2015 гадах. Напярэдадні хімічнай атакі прадстаўніца ЗША ў ААН Нікі Гэйлі жорстка асудзіла дзеянні сірыйскіх уладаў і асабіста прэзідэнта Башара аль-Асада.

«Сірыя – гэта тое, што нас вельмі хвалюе. У нас няма ніякай любові да аль-Асада, мы гэта вельмі выразна даем зразумець. Мы думаем, што ён доўгі час перашкаджаў міру. Я думаю, што ён ваенны злачынец, і тое, што ён робіць са сваім народам, больш чым агідна», – заявіла Нікі Гэйлі, прадстаўніца ЗША ў ААН.

Хан Шайхун утрымліваюць сілы сірыйскай апазіцыі, якая абвінавачвае ў тым, што здарылася, урадавыя войскі. Рэжым аль-Асада ў сваю чаргу адмаўляе ўжыванне хімічнай зброі. Тым часам працаўнікі службы хуткай дапамогі пацвярджаюць, што шмат якіх пацярпелых на вуліцах гораду не паспяваюць выратаваць, людзі паміраюць ад удушша.

Ігар Віняўскі