Людзі кажуць: «Немагчыма жыць!». Дзяржмедыі рапартуюць: «Усё добра!»


«Белсат» неаднойчы распавядаў пра тое, што пасля будаўніцтва заводу беленае цэлюлозы ў Светлагорску жыхары наваколля скардзяцца на едкія выкіды.

Апошнія тры месяцы на цэнтральнай плошчы Светлагорску збіраецца група мясцовых актывістаў. Яны дабіваюцца кантролю над выкідамі нядаўна пабудаванага заводу.

«Яны вельмі шкодна ўплываюць, асабліва на арганізмы маладых людзей і дзяцей. У іх пачынаюцца хваробы нервовай сістэмы, адставанні ў развіцці, гэта ўжо дакладна зафіксаванае», – распавядае адна з актывістаў.

Актывісты спрабуюць зрабіць інфармацыю пра шкоднасць вытворчасці на прадпрыемстве агульнадасяжнаю для грамадзянаў.

«Калі мы тут не будзем стаяць, калі мы будзем вырашаць праблему за дзвярыма, за якімі ніхто не бачыць, што мы там вырашаем, дык праблема не будзе вырашацца», – кажуць актывісты.

Мясцовым жыхарам, занепакоеным выкідамі з заводу беленай цэлюлозы, раяць тэлефанаваць у дыспетчарскую службу прадпрыемства. Мы таксама туды патэлефанавалі.

«Ёсць бягучы радок на будынку. Прыязджайце, глядзіце ўсё, усё там напісана: колькі, чаго і як», – распавяла нам прадстаўніца Светлагорскага заводу беленай цэлюлозы.

Пры канцы сакавіка дзяржаўныя тэлеканалы паказалі серыю рэпартажаў, прысвечаных заводу. Прадстаўнікоў недзяржаўных медыяў у гэты прэс-тур не запрашалі. Журналісты ў сваіх рэпартажах сказалі, што цяпер усе праблемы развязаныя. Мясцовая актывістка Алена Маслоўская адзначыла, што такога роду інфармацыя, якую падаюць дзяржаўныя СМІ, не зусім праўдзівая.

«І шмат асобаў, якія бачылі гэты сюжэт, вераць у тое, што ўсё стала нашмат лепш», – кажа Алена Маслоўская.

Жыхары Якімавай Слабады распавялі нам, што амаль адразу пасля выхаду аднаго з сюжэтаў на дзяржаўных тэлеканалах адбыўся чарговы выкід з заводу.

«Вось сюжэт быў а 21:00, выступіў наш дырэктар ЗБЦ Крук, выступіў Алейнікаў, і паведамілі, што ў нас усё ідэальна. Што завод набраў 60 % вытворчасці – паху няма, а далей бузе толькі лепей, – кажа жыхарка Якімавай Слабады Людміла Марыневіч. – А недзе а 03:30 пачаўся ядавіты пах. І доўжыўся ён да апаўдня. У мяне пячэ вусны, нос, горла запаленае і чырвонае. Учора мне было вельмі цяжка дыхаць».

Мінакі далучаюцца да нашай размовы на вуліцы і пацвярджаюць факт выкіду.

«Агідны пах. Як вам казаць, у прыбіральні лепей пахне», – кажа Васіль Петручэнка.

«Я пайшла да лекара. Ён мне кажа, дык у вас алергічны рыніт, – далучаецца да размовы спадарыня Ніна. – Адкуль жа рыніт, 60 гадоў пражыла – і алергія на нешта? Лекар кажа: дык экалогія якая, вы ж у Слабадзе жывяце».

Тутэйшыя наракаюць на аўтараў рэпартажаў для дзяржаўных каналаў.

«Ніхто не прыязджаў і ніхто нікога не бачыў. Каб мы маўчалі, калі на сённяшні дзень немагчыма жыць?!»

А вось кантактаваць жыхарам з прадстаўнікамі недзяржаўных медыяў прадстаўнікі мясцовых уладаў настойліва не раяць.

«І пасля пачаліся праблемы: прыходзілі міліцыянты, складалі пратаколы і г.д.».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Мяжа Нацыянальнага парку Нарачанскі ператвараецца ў сметнік
  • Беларусы – пра паляпшэнне экалогіі
  • Жыхарка Менску дамагаецца адпаведнай групы інваліднасці
  • У Барысаве жыхары дому ўжо не спадзяюцца на камунальнікаў

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.